Супрацоўнікі БТ дамовіліся страйкаваць да выкананьня іхных умоваў, але будуць здымаць актуальныя сюжэты
Рэжысэр Белтэлерадыёкампаніі Вячаслаў Ламаносаў абвясьціў, што супрацоўнікі будуць выходзіць на забастоўку да будынка на вуліцы Макаёнка, 9, кожны дзень да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя патрабаваньні:
- вызваленьне ўсіх без выключэньня палітвязьняў,
- адстаўка Цэнтрвыбаркама,
- адмена вынікаў выбараў як сфальсыфікаваных,
- спыненьне рэпрэсій і ўсталяваньне свабоды СМІ.
Рэпартэр Мікіта Дзяменцьеў паведаміў БелаПАН, што паралельна здымачныя брыгады будуць рыхтаваць матэрыялы на актуальныя тэмы
Пасьля Маторнага заводу калёна работнікаў МТЗ, МАЗа, МЭТЗ і Маторнага заводу пайшла на Радыяльную вуліцу, дзе месьціцца бровар «Крыніца» і Завод ігрыстых вінаў.
Людзі каля «Атлянту» просяць работнікаў далучыцца да страйку
Менск. Каля заводу «Атлянт» людзі просяць рабочых пачаць страйк. Некаторыя адмаўляюцца: «Я іду на працу, у адрозьненьне ад некаторых», «А хто грошы зарабляць будзе?», «Нас пазбавяць інтэрнату».
«20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі». Сям’я пра катаваньні на Акрэсьціна
Таран аўтамабіля ў Менску, які ўчынілі байцы спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» Міністэрства ўнутраных спраў увечары 11 жніўня, суправаджаўся абстрэлам з баявой зброі. Тое, што цудам засталіся жывыя, пасажыры малалітражкі ўсьвядомілі толькі тады, калі выйшлі з турмы на Акрэсьціна.
Усе шахты «Беларуськалію» спынілі выдаваць руду
Паведамляюць з Салігорску карэспандэнты Свабоды.
Рабочыя-страйкоўцы рухаюцца паўз завод «Слодыч», аўтамабілісты спыняюцца, ставяць упакоўкі вады. Рабочыя пойдуць вуліцай Філімонава да БТ на Макаёнка. На чале калёны — кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі
У Горадні прадстаўнікі пратэстоўцаў ня здолелі дамовіцца з уладамі наконт сваіх патрабаваньняў
У Горадзенскім гарвыканкаме 17 жніўня прайшла сустрэча прадстаўнікоў пратэстоўцаў і ўладаў. Першыя спрабавалі атрымаць адказы на свае патрабаваньні, але не пачулі іх і сышлі.
МУС «Засталіся 122 затрыманыя»
Паводле прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных справаў, у ізалятарах завяршаюць вызваленьне затрыманых на акцыях пратэсту пасьля выбараў. На 14:00 «застаецца 122 чалавекі». У сьпісе затрыманых, які дае Генэральная пракуратура, няма ранейшых палітычных зьняволеных (Бабарыкі, Лосіка, Севярынца, Статкевіча, Ціханоўскага і іншых), якія застаюцца за кратамі.
Магілёўскі «губэрнатар» сустрэнецца з пратэстоўцамі, «калі загадае Лукашэнка»
Пра гэта старшыня аблвыканкаму Леанід Заяц заявіў падчас сустрэчы зь мясцовым актывістам Валадаром Цурпанавым. Чыноўнік настойвае: няма фактаў, якія пацьвярджаюць зьбіцьцё сілавікамі ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і дадае, што «ў горадзе ніхто не загінуў». Цурпанаў сьцьвярджае, што сустракаўся з чыноўнікамі, маючы паўнамоцтвы «плошчы», і агучыў яе патрабаваньні:
- Забясьпечыць правядзеньне мірных сходаў без абмежаваньняў
- Узяць пад хатні арышт усіх начальнікаў мясцовых аддзелаў міліцыі
- Ліквідаваць пасады і структуры ідэолягаў
- Аднавіць працу інтэрнэту, зьняўшы блякаду
- Вызваліць палітвязьняў
Вэтэраны беларускай «Альфы» КДБ заклікалі сілавікоў прытрымлівацца законнасьці
Вэтэраны антытэрарыстычнага падразьдзяленьня «Альфа» асудзілі гвалтоўныя дзеяньні сілавікоў у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў і заклікалі прыцягнуць вінаватых да адказнасьці паводле закону, паведамляе Tut.by.
«Зьвяртаемся да кіраўнікоў і супрацоўнікаў органаў бясьпекі і правапарадку, камандзіраў спэцпадразьдзяленьняў прытрымлівацца прынцыпу законнасьці ў сваіх дзеяньнях», – напісалі былыя антытэрарысты ў заяве.
На БМЗ прыпынілі працу печы, працоўныя заблякавалі ўезд транспарту
На Беларускім мэталюргічным заводзе прыпынілі працу ўсе тры печы, — паведаміла Свабодзе крыніца на БМЗ. Ранкам у працоўных былі перамовы з кіраўніцтвам, іх каля заводаўпраўленьня сабралася некалькі соцень. Дыялёгу не атрымалася, працоўныя крычалі «Забастоўка!». Кіраўніцтва заводу сказала, што не забараняе забастоўку — гэта права працоўных, але трэба, каб яны сабралі подпісы. Працоўныя пайшлі актыўна зьбіраць подпісы па цэхах, перагарадзілі дарогу транспарту з мэталаломам, прыпынілі працу трох печаў.
Як Лукашэнка, сам таго ня хочучы, вярнуў нацыянальную сымболіку
«Усё, што шальмуе дзейная ўлада, набывае пашану ў яе праціўнікаў. І чым больш яны чуюць афіцыйнай зьнявагі, тым больш цэняць зьняважанае», — піша ў сваім блогу Валянціна Аксак.
«Беларусы заслугоўваюць на нашу падтрымку». Прэзыдэнт Нямеччыны заклікаў Лукашэнку да дыялёгу з пратэстоўцамі
Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заклікаў Аляксандра Лукашэнку пайсьці на дыялёг з пратэстоўцамі і адмовіцца ад гвалту праваахоўных органаў над дэманстрантамі.
NATO уважліва сочыць за сытуацыяй у Беларусі, – Столтэнбэрг
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг сказаў, што альянс уважліва сочыць за сытуацыяй у Беларусі. Пра гэта паведаміла ў Твітэры ягоная прэс-прадстаўніца Оана Люнгеску.
15 жніўня Аляксандар Лукашэнка назваў сытуацыю на заходніх межах напружанай і заявіў, што дасьць даручэньне перакінуць зь Віцебску ў Горадню паветрана-дэсантную брыгаду.
На сайце Міністэрства абароны Беларусі паведамляецца, што на вайсковых палігонах каля Баранавічаў, Астраўца і Горадні 17–20 жніўня пройдуць вайсковыя вучэньні.
Страйк на Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне. ВІДЭА
Люксэмбург заклікае Лукашэнку да дыялёгу зь Ціханоўскай і грамадзянскай супольнасьцю
Міністар замежных спраў Люксэмбургу Жан Асэльборн (Jean Asselborn) лічыць мэтазгодным, каб Эўразьвяз заклікаў да дыялёгу са Сьвятланай Ціханоўскай і грамадзянскай супольнасьцю.
«Мы можам прапанаваць дыялёг, дыялёг з гэтай вельмі адважнай жанчынай, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, і з грамадзянскай супольнасьцю. Гэта тое, што мы можам зрабіць», — сказаў міністар у апублікаваным на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Люксэмбургу інтэрвію нямецкаму радыё Deutschlandfunk. https://gouvernement.lu/de/actualites/toutes_actualites/interviews/2020/08-aout/17-asselborn-deutschlandfunk.html
У Горадні па-італьянску страйкуе «Гроднажылбуд»
Работнікі застаюцца на працоўных месцах, але запэўніваюць, што ніхто, акрамя кіраўніцтва, не працуе. Некалькі сотняў работнікаў «Гроднажылбуду» сустрэліся з кіраўніцтвам прадпрыемства і вобласьці ўдзень 17 жніўня.
Тры галоўныя патрабаваньні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваліць вязьняў, спыніць гвалт над мірнымі грамадзянамі. Людзі выгукалі: «Лукашэнка, сыходзь!»
«Міністар сказаў, што пацярпелі 120 амапаўцаў. Хто адкажа за 7,5 тысяч, забітых маральна і пацярпелых фізычна?.. Мы не выстаўляем патрабаваньні наконт заробку. У нас адно патрабаваньне — зьняць падманнае кіраўніцтва: ЦВК, урад... Ён (Лукашэнка. — РС) ня можа нават нармальна зьвярнуцца да людзей, адныя пагрозы», — выказаўся работнік «Гроднажылбуд» з 20-гадовым стажам Генрых Станіслававіч. Цалкам чытайце па спасылцы.
Рабочыя менскіх заводаў прыйшлі да БТ падтрымаць журналістаў, якія бастуюць
Рабочыя менскіх заводаў, якія ўдзельнічаюць у забастоўцы супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, прыйшлі да будынка «Белтэлерадыёкампаніі» на вуліцы Макаёнка падтрымаць журналістаў, якія бастуюць.
Іх сустракалі аплядысмэнтамі і воклічамі «Завадчане, малайцы!». Супрацоўніца «Белтэлерадыёкампаніі» паведаміла, што да забастоўкі далучылася каля 300 супрацоўнікаў, якія ня хочуць звальняцца, а жадаюць працаваць па прафэсіі, даючы аб’ектыўную інфармацыю. Яны патрабуюць ад старшыні НДТРК Івана Эйсманта выйсьці да людзей.
У шэсьці па горадзе ўдзельнічала каля 10 тысяч чалавек, цяпер колькасьць людзей каля будынка НДТРК ацаніць складана.
Акцыя мэдыкаў супраць гвалту. УЖЫВУЮ
Мэдыкі выступаюць супраць гвалту каля будынку Міністэрства аховы здароўя. Яны сьведчаць пра прэцэдэнтныя траўмы, якія нанесьлі людзям сілавікі падчас разгону пратэстаў.