Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хлопцам плацяць 30 рублёў, дзяўчатам — 60». Міністар Караеў пра адстаўку і Тарайкоўскага


Юры Караеў
Юры Караеў

Сыход міністра ўнутраных справаў у адстаўку не прывядзе ні да чога добрага, а, наадварот, дэмаралізуе асабовы склад. Такую думку выказаў кіраўнік МУС Юрый Караеў, адказваючы на пытаньні карэспандэнта TUT.BY на плошчы Незалежнасьці.

— Я ўжо сказаў, што шкадую пра зьбітых і бяру на сябе адказнасьць, — адзначыў Караеў. — Як тут Латушка: я павінен сысьці ў адстаўку? А Някляеў, што я павінен застрэліцца? Я б ім прынёс гэтым вельмі вялікую радасьць, дэмаралізаваць свой асабовы склад. І тады разваліцца ўсё.

Кіраўнік МУС паабяцаў разабрацца з усімі выпадкамі гвалту і перавышэньня паўнамоцтваў з боку сілавікоў, калі «ўсё сьцішыцца».

— Эскаляцыя ішла з абодвух бакоў. Калі зьбіваюць сваіх хлопцаў, стрыманасьць пачынае здраджваць. Гэта вельмі дрэнна, я супраць гэтага. Так быць не павінна. З усімі выпадкамі мы будзем разьбірацца. Не цяпер, а калі ўсё сьцішыцца. Я зараз павінен дэмабілізаваць міліцыю ва ўгоду камусьці? — сказаў Караеў.

Ён дапусьціў, што ў загінулага на Пушкінскай Аляксандра Тарайкоўскага маглі страляць «з нелетальнай зброі».

— Я ня сьледчы. Так, ён памёр. Колькі памерла людзей у беспарадках у Амэрыцы? Але мы не ўжывалі агнястрэльнай зброі, а толькі тую, якое зьяўляецца несьмяротнай, — адказаў Караеў на пытаньне пра гібель Тарайкоўскага.

— Мне вельмі шкада гэтага загінулага. Яшчэ больш — пабітых. Яны таксама пацярпелі. А больш за ўсё — маіх 129 супрацоўнікаў, — сказаў Караеў.

Міністру складана ўтрымаць асабовы склад ад рэакцыі на наезды на супрацоўнікаў ДАІ. На заўвагу аб тым, што ў тысячы зьбітых ёсьць сваякі, абураныя тым, што адбываецца, міністар сказаў, што «тыя зьбітыя, а гэтыя пакалечаныя». Караеў адказаў адмоўна на просьбу пагаварыць з пацярпелымі сілавікамі.

— Хлопцы адмаўляюцца, каб іх паказвалі слабымі, зьбітымі і пачалі помсьціць. Толькі пачвары могуць пагражаць жонкам і дзецям міліцыянтаў. Гэта сваволя. На гэта я таксама магу адказаць сваволяй. У гэтыя дні я стрымліваю свой асабовы склад, — сказаў кіраўнік МУС.

З словаў міністра, асноўных пратэстоўцаў фінансуюць з-за мяжы. Хлопцам плацяць 30 рублёў, дзяўчатам — 60.

— Іх выкарыстоўваюць наўгад, кіруюць іх сьвядомасьцю і падсвядомасьцю. Ну добра, падарвем мы эканоміку краіны, хай яшчэ паплацяць пару тыдняў. Дарэчы, гэтыя дзяўчаты, якім плацяць па 60 рублёў, ужо не пускаюць у свае шэрагі іншых — ня хочуць, мабыць, дзяліцца рэсурсамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG