Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладная акцыя і пратэсты ў Менску. Галасы ўдзельнікаў. СТРЫМ СВАБОДЫ


У Менску на плошчы Незалежнасьці праходзіць праўладны мітынг, які арганізоўвае «Белая Русь». У Менску ды іншых гарадах 8-ы дзень працягваюцца мірныя акцыі пратэсту.

16 жніўня ў Менску на плошчы Незалежнасьці Лукашэнка зьбірае сваіх прыхільнікаў. Як сьведчаць відавочцы, іх звозяць з усёй Беларусі цягнікамі і аўтобусамі. Тым часам у Менску ды іншых гарадах праходзяць акцыі пратэсту супраць гвалту сілавікоў.

Свабода вядзе жывую трансьляцыю зь месца падзеяў.

16:08 Каля стэлы «Менск горад-герой» сабралася больш за сто тысяч чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды. Занятая ўся пляцоўка каля стэлы, ля Музэя вайны, у прылеглых вуліцах, праспэкце Пераможцаў і парках, але людзі не выходзяць на праезную частку. Па ёй свабодна едуць машыны, частка са сьцягамі, яны таксама сыгналяць.

У гэтым месцы былі першыя сутычкі з АМАПам 9 жніўня.
Усе прылеглыя вуліцы і праспэкты і паркі занятыя людзьмі з плякатамі і сьцягамі. Людзі крычаць: Сыходзь Трыбунал, Жыве Беларусь!

16:00 На «Марш свабоды» прыйшоў былы сілавік, які распавёў, што ўдзельнічаў у трох вайсковых канфліктах, ён назваў Лукашэнку «дыктатарам» і сказаў, што супраць Уладзіміра Пуціна і пойдзе абараняць Беларусь, калі ён сюды «прыйдзе са сваёй дапамогай».

15:46 На «Марш свабоды» прыйшоў вэтэран Аўганскай вайны з наградамі. Ён выказвае нязгоду з палітыкай Лукашэнкі. Ён кажа, што сваімі ўказамі Лукашэнка паадмяняў яму ільготы. Таксама ён сказаў, што сілавікі дзейнічаюць як «паліцаі падчас вайны» і «выступаюць супраць народу».

15:44 На Стэле вялізарная колькасьць людзей, карэспандэнты Свабоды адзначаюць, што ніколі не бачылі столькі людзей у адным месцы. Але людзі зьбіраюцца таксама на праспэкце Незалежнасьці і на праспэкце Машэрава. Ня ўсе хочуць ісьці да Стэлы з-за спёкі.

15:29 Яшчэ адзін зьбіты — Аляксандар Гурнік — прыйшоў на «Марш свабоды». Яго арыштавалі дома 12 жніўня ў ягонай кватэры. Раней сілавікі заўважылі, як ён раздае візытоўкі, таму да яго прыйшлі. Хлопец бяз майкі, у яго гематомы на целе.

15:20 На «Маршы свабоды» зьявіўся мужчына, якога зьбівалі падчас затрыманьня. Ён дэманстраваў знакі пабіцьця, якія нанесьлі яму байцы АМАП і ўнутраных войскаў. У яго моцныя гематомы на целе. Ён сказаў, што мужчын складвалі ў некалькі пластоў. Людзей білі электрашокам, прычым, зь яго словаў, найбольш даставалася людзям у адзеньні з нацыянальнай сымболікай.

15:10 Карэспандэнты Свабоды сустрэлі на мітынгу дзяўчыну, якая працуе на БТ, яна назвала Лукашэнку «былым прэзыдэнтам» і сказала, што заўтра напіша заяву на звальненьне. Бо ў краіне «мусіць быць праўда і любоў».

14:58 У Менску на «Маршы свабоды» зьявіўся вялікі 100-мэтровы сьцяг, людзі рухаюцца калёнамі ад праспэкту Незалежнасьці да Стэлы. Сьцяг прынесьлі ад станцыі мэтро Усход.

14:38 На праспэкце Незалежнасьці сабраліся людзі, яны рухаюцца уздоўж праспэкту і пасьля паварочваюць у раёне вуліцы Казлова. Некаторыя ідуць у цэнтар.

14:24 ​«Праявілі жорсткасьць на вуліцах! Трэба іх было спыніць! Калі мы правядзем новыя выбары — перавернем краіну!», — сказаў Лукашэнка.

«Не штурхайце краіну да сілавога супрацьстаяньня! У нас няма прыхільнікаў, усе хочуць, каб мы сталі на калені. А мы ня станем!»

14:19 Лукашэнка сказаў пра войскі NATO на беларускай мяжы і жорстка прайшоўся па ЭЗ. «Беларусь ня можа стаць прыбіральняй для Эўропы». Ён зноў прыгадвае 1990-я і нейкія 33 банды, якія зьнішчылі ў Менску.

14:09 Лукашэнка ў сваёй прамове пашкадаваў пра развал СССР і прапанаваў рэформы.

«Дарагія сябры, я паклікаў вас сюды не для таго, каб вы мяне абаранілі, вы прыехалі сюды, каб упершыню за чвэрць стагодзьдзя змаглі абараніць сваю краіну, незалежнасьць, жонак і дзяцей. Я не хацеў вас клікаць на гэтую плошчу, у вас жніво і вы рыхтуеце дзяцей у школу. У 90-я тут стаялі людзі рабочыя з чайнікамі, не было чаго есьці. Гэта не мая віна, што мне давялося вас паклікаць на дапамогу».

Лукашэнка шкадуе пра «развал вялікай імпэрыі» — СССР, кажа, што Беларусь «атрымала абрубак гэтай імпэрыі», што «быў заробак 20 даляраў, не было ежы на прылаўках»

Таксама ён выказаўся пра рэформы: «Хочаце рэформы — скажыце якія, заўтра пачнем».

14:05 У гэты ж час у Менску зьбіраюцца і праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі.

14:03 На плошчы Незалежнасьці зьявіўся Аляксандар Лукашэнка. Ён падзякаваў тым, хто прыйшоў. Тыя пачалі скандаваць «За Бацьку».

13:49 Слова ўзяў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзэ, ён асудзіў гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў і прапанаваў сябе ў якасьці перамоўніка з апанэнтамі.

13:39 На плошчы Незалежнасьці шмат сьцягоў — як дзяржаўных, так і сьцягоў афіцыйных прафсаюзаў. Ёсьць «георгіеўскі» сьцяг, такі знак выкарыстоўвалі сэпаратысты ва Ўкраіне.

13:23 Давераная асоба Лукашэнкі на гэтых выбарах Алег Гайдукевіч з трыбуны сказаў пра «магчымасьць новых выбараў», але гэта, на ягоную думку, мусіць вырашаць парлямэнт, а «ня вуліца».

13:17 Мужчына на праўладным мітынгу расказвае, як АМАП хапаў людзей 9 жніўня, і абураецца дзеяньнямі сілавікоў. Мужчына расказвае, як спрабаваў крычаць на АМАП, а яго «некалькі разоў ударылі».

13:03. На плошчы Незалежнасьці працягваецца праўладны мітынг, туды прапусьцілі журналістаў незалежных СМІ. На плошчы арганізаваная сцэна і мікрафоны, чакаюцца прамовы чыноўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG