Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэднія вынікі падліку галасоў на плятформе «Голас»: вынікі прэзыдэнцкіх выбараў сфальсыфікаваныя


Плятформа «Голас» разам з ініцыятывай «Честные люди» апублікавала прамежкавы аналіз вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Ён заснаваны на супастаўленьні афіцыйных пратаколаў участковых камісіяў і зьвестак ад выбарнікаў.

Цяпер на плятформе «Голас» зарэгістраваныя больш як 1,24 млн чалавек, якія ўжо далі фота 507 477 бюлетэняў. Плятформа публікуе вынікі пасьля афіцыйных зьвестак ЦВК.

У прэс-рэлізе, на які спасылаецца Tut.by, адзначаецца, што, нягледзячы на блякаваньне інтэрнэту, арганізатары ўжо атрымалі і праверылі больш за 500 тысяч сфатаграфаваных бюлетэняў і знайшлі амаль 300 выбарчых участкаў, дзе вынікі галасаваньня сфальсыфікавалі.

«Мы сабралі масіўную базу, на аснове якой ужо зараз можам упэўнена заяўляць: вынікі прэзыдэнцкіх выбараў сфальсыфікаваныя. Празь некалькі дзён мы апублікуем поўную справаздачу па ўсёй краіне, але і сёньня маем доказы. Бачым, што многія выбарчыя камісіі з павагай паставіліся да рашэньня народу і палічылі галасы сумленна. Разам з тым, мы засмучаныя, што тысячы выбарчых участкаў на карце „Голасу“ будуць пазначаныя як месцы, дзе выбар скралі».

Апрацаваныя выніковыя пратаколы 989 выбарчых участкаў з 5767. Параўнаўшы афіцыйныя пратаколы з фота бюлетэняў, выявілі прынамсі 298 участкаў, дзе вынікі сфальсыфікаваныя. Такім чынам, доля «несумленных» пратаколаў складае 30%.

На гэтых 989 выбарчых участках (17% ад агульнай колькасьці), паводле афіцыйных пратаколаў, Сьвятлана Ціханоўская ужо набрала 393 193 галасы. А гэта 66,8% ад усіх 588 622 галасоў, якія, па вэрсіі ЦВК, яна атрымала на прэзыдэнцкіх выбарах.

Значыць, на астатнія 4 778 участкаў (83% ад агульнай колькасьці) прыпадае толькі 33,2% галасоў за Ціханоўскую.

Статыстыка галасоў за Аляксандра Лукашэнку таксама выклікае пытаньні. На тых самых выпадкова выбраных 989 участках, паводле афіцыйных пратаколаў, кандыдат набраў 62,5% галасоў. Гэта менш, чым выніковыя дадзеныя ЦВК (80,1%). Але нават паказьнік у 62,5% ня можа лічыцца пэўным, калі ёсьць фальсыфікацыі. А іх выявілі на кожным трэцім з апрацаваных участкаў. Значыць, вынік у 80,1% матэматычна і лягічна немагчымы.

Фінальную справаздачу лічбавыя плятформы «Голас», «Зубр» і «Честные люди» апублікуюць 18 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG