У чацьвер старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю, дэпутат Эўрапарлямэнту Робэрт Бедрань заявіў, што ў пятніцу наведае Беларусь. Мэтай візыту мае быць сустрэча з затрыманымі грамадзянамі ЭЗ і прадстаўнікамі беларускіх уладаў.
Падчас прэс-канфэрэнцыі ў інфармацыйным бюро Эўрапарлямэнту Бедрань заявіў, што ў пятніцу едзе зь місіяй у Беларусь. Яго будзе суправаджаць дакладчык Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі Пятрас Аўштравічус зь Літвы. Візыт у Беларусь будзе доўжыцца да нядзелі.
«У нас будзе шэраг сустрэч. Гэты візыт мае за мэту зарыентавацца ў сытуацыі, якая — як мы ведаем з інфармацыі ў мэдыя — складаная. На жаль, у нас ёсьць абмежаваньне з боку Беларусі, калі гаворка ідзе пра перадачу інфармацыі», — сказаў Бедрань.
Ён удакладніў, што «гэта будзе візыт прадстаўнікоў Эўразьвязу самага высокага ўзроўню пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі».
Ён таксама дадаў, што таксама чакаюцца сустрэчы з затрыманымі асобамі, якія маюць грамадзянства Эўразьвязу, палітвязьнямі Беларусі, няўрадавымі арганізацыямі, незалежнымі беларускімі СМІ, а таксама з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, сказаў эўрадэпутат.