Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя СМІ: затрымалі каардынатараў і спонсараў пратэстаў


У Менску затрымалі каардынатараў масавых беспарадкаў, паведаміла БелТА.

Адзін зь іх кіраваў дзеяньнямі траіх паплечнікаў з 18-га паверху гатэлю «Беларусь». А тыя трое кіравалі сотнямі, перадае агенцтва.

У Менску затрымалі чалавека з грашамі для пратэстоўцаў

БелТА з спасылкай на МУС піша, што каля гандлёвага цэнтру «Дана Мол» затрымалі мужчыну, «які раздаваў грошы тым, хто ўдзельнічае ў масавых беспарадках».

У заплечніку знайшлі 10 тысяч даляраў, «якія прызначаліся ў якасьці платы ўдзельнікам масавых беспарадкаў». Пры затрыманьні мужчына зламаў нос праваахоўніку. Пішуць, што яго раней судзілі за наркотыкі.

У Серабранцы спалілі міліцэйскі аўтобус

Уначы ў сталічнымі мікрараёне Серабранцы пратэстоўцы кідалі кактэйлі Молатава, запускалі ў сілавікоў фаервэркі, разьбілі міліцэйскі аўтобус і спалілі гандлёвы кіёск, піша БелТА.

За два дні было 8 наездаў на прваахоўнікаў

За два дні ў розных гарадах Беларусі, у тым ліку Менску, Баранавічах, Жодзіне, зафіксавалі 8 наездаў на праваахоўнікаў. У паведамленьні БелТА гэта назвалі «добра сплянаванай акцыяй».

За дымавыя шашкі і кактэйль Молатава затрымалі некалькі чалавек у Берасьцейскай вобласьці

Спробы падпаліць гандлёвыя кіёскі, паводле агенцтва, былі ў Баранавічах. Там затрымалі машыну з кактэйлем Молатава.

У цэнтры Берасьця ў машынах знайшлі самаробныя дымавыя шашкі. На Берасьцейшчыне затрымалі двух 17-гадовых хлопцаў з дымавымі шашкамі, пэтардамі і каскамі.

У Менску і яшчэ больш як у дзесяці гарадах Беларусі трэці дзень працягваюцца масавыя пратэсты ў сувязі з абвяшчэньнем Аляксандра Лукашэнкі пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў. Найбольш масавыя пратэсты праходзяць у сталіцы. 11 жніўня эпіцэнтры супраціву перайшлі ў больш аддаленыя раёны гораду: Уручча, Каменная Горка, Серабранка, парк Паўлава.

У Каменнай горцы і Серабранцы дэманстранты перагароджвалі вуліцы, спрабавалі збудаваць барыкады са спадручных сродкаў, якія сілавікі хутка разьбіралі. Гучалі шматлікія выбухі шумавых гранатаў, страляніна чэргамі, людзі ў адказ запускалі фэервэркамі, кідалі з вокнаў дамоў бутэлькі з вадой. АМАП разганяў дэманстрантаў на вуліцах і ў дварах.

Ва Ўруччы і на Каменнай Горцы паведамлялі пра «мэтавыя» жорсткія затрыманьні і зьбіваньне матацыклістаў і кіроўцаў аўтамабіляў, у тым ліку з элемэнтамі пагоні. Таксама матацыклістаў затрымлівалі ў цэнтры гораду. У Каменнай Горцы паведамлялі, што сілавікі стралялі прыцэльна па вокнах гумовымі кулямі. Як і ў папярэднія дні, затрымлівалі і білі журналістаў, адбіралі карткі памяці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG