У Менску ў турме на Акрэсьціна адбываюць пакараньне дзьве акторкі Свабоднага тэатру Сьвятлана Сугака (10 сутак арышту) і Надзея Бродзкая (13 сутак арышту).
Іх затрымалі 9 жніўня падчас пратэстаў і абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Пра гэта Сьвятланінаму бацьку Мікалаю Сугаку расказала дзяўчына, якая выйшла на волю, бо яе пакаралі штрафам.
«Яна сказала, што ў камэры 6 на 4 знаходзіцца 36 чалавек, не даюць есьці, толькі ваду. Мужчын у такой жа па памерах камэры трымаюць 50 чалавек. Іх там сыстэматычна зьбіваюць, адкрываюць у жанчын „кармушкі“ і крычаць, вось паглядзіце на вашых змагароў, карацей, паказваюць сілу», — кажа Мікалай Сугака.