Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольніўся вядоўца навінаў на БТ Сяргей Казловіч, сышла вядоўца СТВ Тацяна Бародкіна


 Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вядоўца Агенцтва тэленавінаў «Белтэлерадыёкампаніі» Сяргей Казловіч сышоў з тэлеканалу «Беларусь 1». Пра гэта ён паведаміў 11 жніўня ў сваім Instagram.

«Апошні эфір. Гэта была дзіцячая мара, якой я прысьвяціў 10 гадоў. Пачынаючы зь відэамантажу на АНТ і заканчваючы прамымі эфірамі на „Беларусь-1“. Праца ў кадры для мяне заўсёды будзе кайфам. А вось у студыі АНТ я ўчора сядзеў апошні раз. Рашэньне самастойнае. Наперадзе пошукі новай працы», — напісаў Сяргей Казловіч.

У камэнтары пад пастом многія людзі дзякуюць Сяргею Казловічу.На момант публікацыі профіль Казловіча пакуль ня выдалены з сайта «Белтэлерадыёкампаніі».

Як заўважыў Reform.by, ва ўчорашнім эфіры навінаў Сяргей Казловіч расказваў, сярод іншага, пра вынікі выбараў, чэргі на выбарчых участках і пратэсты ў ноч з 9 на 10 жніўня. Выданьне прыводзіць фрагмэнт ягонага выступу:

«Яшчэ з абеду правакатары пачалі блякаваць працу ўчасткаў, зладзіўшы так званыя „белыя карусэлі“ са стужачкамі, наўмысна зацягвалі час галасаваньня, знаходзячыся ў кабінцы па 5 хвілін і больш, усімі спосабамі ствараючы чэргі, асабліва бліжэй да вечара. У выніку да 20.00 усе былі ў гатоўнасьці крычаць, што ўлады не далі прагаласаваць, скралі наш голас. (...) Была заблякаваная праца 33 камісій, на іх аказваўся псыхалягічны ціск, у тым ліку гучалі прамыя пагрозы.

Не чакаючы канца галасаваньня, каля Палаца спорту пачала зьбірацца агрэсіўна настроеная моладзь. (...) У дачыненьні да праваахоўнікаў, якія перагароджвалі ёй шлях, была ўжытая фізычная сіла, быў, па сутнасьці, захоплены адзін з супрацоўнікаў. Каб адбіць свайго калегу, праваахоўнікі былі вымушаныя ўжыць адмысловыя стрэльбы, якія страляюць гумовымі кулямі», — казаў у эфіры Казловіч.

Таксама паведаміла пра свой сыход вядоўца СТВ Тацяна Бародкіна. Пра гэта яна напісала ў Фэйсбуку.

«На жаль! Я і мае ДЗЕЦІ больш ня зможам усьміхацца з экрана тэлевізара. Віншуем Краіну з „Выбарам“! Ня ведаю, калі Вы прачытаеце мой пост, бо глушаць інтэрнэт. Але зразумейце, што нават цяпер, калі „выбар“ ужо зроблены — Я НЕ БАЮСЯ! Сябры! Людзі! І Вы Ня БОЙЦЕСЯ! Не пазбаўляйце будучыні нашых дзяцей!», — напісала Тацяна Бародкіна.

Раней Тацяна Бародкіна была «тварам» праграмы «Раніца. Студыя добрага настрою» на СТВ, 5 год таму на пэўны час сышла з эфіру, а потым у 2018 годзе зноў зьявілася на тэлеканале разам з дочкамі — трохгадовай Сашай і адзінаццацігадовай Любай у кулінарнай рубрыцы «Сьняданак на траіх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG