Вільня даслала мэсыдж падтрымкі Беларусі: увечары ў панядзелак чатыры цэнтральныя масты гораду былі асьветленыя колерамі беларускага нацыянальнага сцяга, паведамляе delfi.lt.
Масты Міндоўга, Зялёны, Белы і Зьверынецкі былі асьветленыя белым, чырвоным і белым колерамі, тым самым была сымбалічна выказаная салідарнасьць зь беларусамі.
«Калі б 9,4-мільённая Беларусь, ад Берасьця да Віцебску, кіравалася дэмакратычна, гэта б адкрыла столькі магчымасьсяў — у першую чаргу ім самім, — заявіў намесьнік мэра Вільні Вітаўтас Міталас. — З другога боку, колькі магчымасьцяў гэта б адкрыла для нас: пазнаёміцца з малавядомымі пластамі гісторыі супольнай дзяржавы, падарожнічаць, гандляваць. Гэта б кардынальна зьмяніла сытуацыю з бяспекай для ўсяго вялікага рэгіёну.
На жаль, спробы апазыцыі змагацца раней не былі пасьпяховымі, і такое маё бачаньне выглядала даволі далёкім ад рэчаіснасьці, аднак учорашнія падзеі, на маю думку, могуць разгайдаць Лукашэнкаву лодачку.
Вільня падтрымлівае беларусаў у іх барацьбе супраць несумленных выбараў — мы з вамі!» — выказаў падтрымку беларусам віленскі віцэ-мэр.