Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў сьпіс затрыманых у Менску 9 і 10 жніўня. У ім больш за 600 імёнаў. Паводле МУС, агулам затрымалі каля 3000 чалавек у 33 гарадах.
Сярод іншага 10 жніўня па ўсёй Беларусі затрымлівалі сваякоў затрыманых, якія стаялі зь перадачамі ў чарзе да ізалятараў.
Гэтак, у Менску 10 жніўня затрымалі бацькоў Андрэя і Крысьціну Вітушку, якія паехалі на пошукі затрыманага 16-гадовага сына Мірона ў Цэнтральнае РУУС, піша журналіст Юры Сідун. Сямейную пару Вітушкаў зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Іх сына забрала з Фрунзенскага РУУС бабуля а 3:40.
Як адзначаюць праваабаронцы, выбарчая кампанія, якая распачалася 8 траўня і цягнулася тры месяцы, суправаджалася масавымі рэпрэсіямі супраць грамадзкіх актывістаў, незалежных журналістаў і блогераў. За ўвесь гэты час праваабаронцы «Вясны» налічылі больш за 1500 выпадкаў адвольных затрыманьняў, больш за 600 чалавек атрымалі адміністрацыйныя арышты і штрафы па палітычна матываваных артыкулах, заведзены шэраг крымінальных спраў, у краіне зьявіліся 23 новыя палітвязьні.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.