Прэс-сакратар Белага дому Кэйлі Макэнані заявіла ў панядзелак, што Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя сытуацыяй вакол выбараў у Беларусі і заклікаюць беларускі ўрад не перашкаджаць мірным сходам і не ўжываць гвалт у адносінах да дэманстрантаў.
«Строгія абмежаваньні доступу кандыдатаў да выбараў, забарона на прысутнасьць незалежных мясцовых назіральнікаў, запалохваньне кандыдатаў ад апазыцыі і затрыманьне мірных дэманстрантаў і журналістаў сапсавалі працэс»,– заявіла Кэйлі Макэнані.
Раней у панядзелак занепакоенасьць у сувязі з антыдэмакратычнымі дзеяньнямі кіраўніцтва Беларусі выказала Вялікабрытанія. Афіцыйны прадстаўнік прэм’ер-міністра краіны Борыса Джонсана падкрэсьліў таксама, што Лёндан лічыць непрымальным гвалтоўнае падаўленьне пратэстаў, якое назіралася мінулае начы.
У сумеснай заяве кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Жазэпа Барэля і эўракамісара па пытаньнях пашырэньня Олівэра Вархейі адзначаецца, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі азмрочаныя «непрапарцыйным і непрымальным гвалтам з боку дзяржавы супраць мірных дэманстрантаў».
Эўразьвяз павінен прыняць меры, каб не дапусьціць ужываньня сілы ўладамі Беларусі, заявіў у панядзелак міністар замежных спраў Польшчы Яцак Чапутовіч.
Паводле афіцыйных вынікаў, перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах атрымаў Аляксандар Лукашэнка. Апазыцыя гэтых вынікаў не прызнае, заяўляючы аб маштабных фальсыфікацыях на выбарах.
У ноч на панядзелак у Беларусі прайшлі масавыя пратэсты, якія паліцыя разганяла з ужываньнем сілы.