8 жніўня — апошні дзень датэрміновага галасаваньня, якое пачалося 4 жніўня. Сёньня сябры ініцыятывы «Честные люди» наведалі некаторыя ўчасткі. Яны лічаць, што яўка, паводле іхных падлікаў, завышаная ажно да пяці разоў.
Карэспандэнт Свабоды наведаў аграгарадок Запольле ў Чэрвеньскім раёне і пабываў на ўчастку № 22 ў Запольскай сярэдняй школе.
На вуліцы каля ўваходу на ўчастак вядзе назіраньне Сяргей Ваўчок, які вылучаўся зборам подпісаў. Вокны памяшканьня, дзе адбываецца галасаваньне, шчыльна закрытыя. Сяргей вымушаны стаяць цягам дня на ганку, ён лічыць колькасьць наведнікаў і зьвярае свае лічбы з афіцыйнымі пратаколамі. Усярэдзіну ўчастку яго ніводнага разу не пусьцілі.
«Я пісаў учора заяву ў пракуратуру, бо мне не паказалі пратакол і адразу зачынілі ўчастак, а вынікі назіраньня сур’ёзна разыходзяцца зь лічбамі ў пратаколе. Пазаўчора я налічыў, што сюды ўвайшлі 37 чалавек, а ў пратаколе пазначана 123. Пры гэтым увечары пасьля заканчэньня галасаваньня старшыня не паказаў пратакол. Я змог пазнаёміцца зь ім толькі раніцай. У дзень, калі я падаваў заяву ў пракуратуру, я прыехаў на назіраньне а 16 гадзіне і да закрыцьця ўчастка налічыў 22 чалавекі. У пратаколе фігуравала 198. Гэта азначае, што за 4 гадзіны яўка склала 176 выбарнікаў. Патрэбна недзе дзьве хвіліны абслужыць аднаго. Звычайна двое сяброў камісіі гэта робяць. Гэта ж мусіць пэрыядычна чарга ўтварацца».
Паводле Сяргея Ваўчка, старшыня камісіі Андрэй Гантарэнка пагражаў, што заявіць на яго ў пракуратуру за нібыта пагрозы праз тэлефон.
«Чым я яму пагражаў, я ня ведаю. Я насамрэч тэлефанаваў яму на мабільны ў панядзелак, каб даведацца, калі ён мне зможа паказаць сьпісы выбарнікаў. Ён абяцаў гэта зрабіць яшчэ 28 ліпеня, але дагэтуль я іх ня ўбачыў. Я пэрыядычна яму нагадваю. Але ён робіць выгляд, што нібыта ўжо і забыўся. Ідзе такая гульня. А сёньня ён мяне са зьдзіўленьнем спытаў: «Вы назіральнік?».
Сяргей Ваўчок кажа, што дагэтуль старшыня не азнаёміў яго з пратаколам галасаваньня і ігнаруе яго патрабаваньні А ў фае, дзе павінны вывешваць пратакол, яго не пускаюць. Паводле назіральніка, учора і сёньня ў школе праводзілі бацькоўскія сходы, сёньня на такі сход прыйшлі 8 чалавек.
«Прэтэнзій у мяне многа, але не на ўсё я пішу скаргі, бо мяне пазбавяць акрэдытацыі, і тады я не змагу назіраць».
«Ён усё бачыць, не хвалюйцеся»
Старшыня камісіі Андрэй Гантарэнка, ён жа дырэктар школы, кажа, што прапаноўваў назіральніку на вуліцы Сяргею Ваўчку крэсла і гарбату. Але чаму яго не пускаюць на ўчастак?
«Згодна з пастановай ЦВК на выбарчым участку павінны знаходзіцца тры назіральнікі. Ён чацьвёрты, таму пакуль што там. Калі вызваліцца месца, мы дамо магчымасьць знаходзіцца на ўчастку».
Старшыня скардзіцца, што назіральнік адносна яго «крыху некарэктна сябе паводзіць», але ня стаў казаць на дыктафон, што гэта азначае.
«Ён заходзіць сюды штодня мінімум два-тры разы і ўсё бачыць, не хвалюйцеся».
Старшыня ведае, што назіральнік Сяргей Ваўчок напісаў дзьве скаргі на парушэньні. Але тых скаргаў не чытаў.
У фае школы вісіць пратакол аб выніках учорашняга галасаваньня — бюлетэні атрымалі 198 выбарнікаў. Усяго ўчастковая камісія атрымала 1872 бюлетэні. На ўчастку ўсяго 1783 выбарнікі. За папярэднія дні датэрмінова прагаласавалі, паводле старшыні, 472. Аднак пратаколаў за мінулыя дні старшыня не паказаў.
На ўчастку былі трое назіральнікаў. Паводле старшыні камісіі, яны вылучаліся праз збор подпісаў, ад прафсаюзаў і Саюзу жанчын. Працавалі два сябры камісіі. За час, пакуль на ўчастку былі журналісты, прагаласавалі адзінкі.
На кабінках для галасаваньня з аднаго боку няма шторак, скрыня празрыстая. Рабіць фатаздымкі карэспандэнту Свабоды дазволілі толькі ў непасрэднай прысутнасьці старшыні камісіі, самому хадзіць па ўчастку і фатаграфаваць не дазволілі.
Старшыня вельмі абураўся, што журналіст яго сфатаграфаваў. Тут жа зьявіліся некалькі міліцыянтаў, сярод якіх быў палкоўнік. Яны назіралі за журналістамі, пакуль тыя былі на ўчастку.
«Гэта ненармальна і дзіўна»
Участак наведаў і Максім Кавалёў, давераная асоба Сяргея Чэрачня, ён зарэгістраваны як назіральнік. Ён сказаў, што ня змог азнаёміцца з пратаколамі за папярэднія дні і ня змог паглядзець сьпісы выбарнікаў.
«На маю просьбу сфатаграфаваць пратаколы за мінулыя дні старшыня схадзіў на другі паверх, быў там хвілін дзесяць, вярнуўся і сказаў, што ня можа знайсьці ключы. Там жа знаходзяцца сьпісы выбарнікаў. То бок я ня змог азнаёміцца з гэтымі дакумэнтамі».
Максім Кавалёў кажа, што незалежных назіральнікаў на ўчастак не пускаюць, а тыя, што сядзяць на ўчастку, не фіксуюць яўку.
«Яны кажуць, што знаходзяцца там, каб не было нейкіх буйстваў. Старшыня камісіі паводзіць сябе вельмі нэрвова, перамяшчацца па ўчастку дазваляе толькі зь ім, фатаграфаваць безь яго забараняе, пытаецца ў карэспандэнта, колькі кадраў ён хоча зрабіць. Фатаграфаваць цягам 10 хвілін не дазволіў. Ён паклікаў міліцыянтаў, якія не назваліся».
Старшыня камісіі паабяцаў Максіму Кавалёву прыслаць копіі пратаколаў праз вайбэр.
«Гэта ненармальна і дзіўна», — кажа давераная асоба Сяргея Чэрачня.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.