Белыя бранзалеты, гук фатаздымкаў за фіранкамі, размовы пра каранавірус і супадзеньне лічбаў напрыканцы дня. Як прайшоў адзін дзень датэрміновага галасаваньня ў інтэрнаце «Гродна Азот» — у гэтым рэпартажы.
«Вось колькі вы ў мяне будзеце сядзець?» — на пятай гадзіне працы журналістаў на ўчастку запытаўся старшыня выбарчай камісіі Віктар Русак. — «Дзень». — «Калі дзень, то добра». — «А калі больш?» — «Таксама сядзіце, я вам нічога не магу сказаць».
Мы вырашылі правесьці адзін дзень на выбарчым участку № 126 у Горадні 6 жніўня. Участак месьціцца ў інтэрнаце, дзе пераважна жывуць супрацоўнікі найбуйнейшага хімічнага прадпрыемства Беларусі «Гродна Азот». Большасьць чальцоў выбарчай камісіі, як і назіральнікаў, таксама працуюць на хімічным гіганце.
9:50 Дзяжурства пачынаецца. Над уваходам у інтэрнат вісіць чырвона-зялёны сьцяг. Тут жа стаіць малады міліцыянт. Прыбіральніца мые на ўчастку падлогу. Дзьверы празрыстыя, празь іх відаць апячатаная урна зь бюлетэнямі. У вывешаным пратаколе за папярэдні дзень значыцца 39 выбарнікаў. Старшыня просіць фатаграфаваць камісію з добрага ракурсу.
10:00 Старшыня зрывае аркуш, якім апячатаная урна. На ўчастак заходзяць чальцы камісіі і тры назіральнікі ад «Гродна Азот»: сталы вусаты мужчына, сівая жанчына ў акулярах і маладая дзяўчына зь яркім манікюрам. Малады хлопец, назіральнік ад «Честных людей», застаецца на калідоры, ён у сьпісе акрэдытаваных пад шостым нумарам.
На ўчастку чатыры кабінкі, кожная завешаная фіранкамі. На адной са сьценаў намаляваны чырвона-зялёны сьцяг, які згарнуўся гармонікам. Стаяць пяць сталоў. За першым і часам за другім сядзяць члены выбаркаму. За апошнім — назіральнікі з «Гродна Азот». Шосты стол з шыльдай «Старшыня камісіі» стаіць асобна за шафай, на ім стаіць фігурка ката.
10:04 Заходзіць першы за дзень выбарнік. Хлопец сьпяшаецца і ня хоча размаўляць.
10:08 Другая выбарніца прызнаецца, што галасавала за Аляксандра Рыгоравіча. «Вайны няма, заробак ёсьць, праца ёсьць. Памятаю, як быў распад Саюзу, калі былі праблемы, кавалак мыла нельга было купіць. А цяпер усё можна купіць. Гэта мяне задавальняе», — кажа жанчына.
10:22 Пераключылі тэлевізар на іншы канал — РТР, грае музыка. «Музыка, сьвяточны настрой», — пажартаваў старшыня. Пакуль няма наведнікаў, прысутныя перагаворваюцца, жартуюць, сядзяць у тэлефонах. Сівая назіральніца разгадвае сканворды ў дзяржаўнай газэце «Гродненская правда».
10:56 З участку выходзіць адзін з «азотаўскіх» назіральнікаў, адразу ж заходзіць назіральнік ад «Честных людей». Аркуш для падліку выбарнікаў відаць толькі ў яго.
11:28 За паўгадзіны прагаласавалі яшчэ сем чалавек. Сярод іх пэнсіянэрка, у якой у нядзелю гадавіна па мужу, раварыст, які будзе працаваць дзявятага, дзяўчына з аранжавымі дрэдамі і яе хлопец, якія ня маюць настрою камунікаваць, мужчына сярэдняга веку, які чакае зьменаў.
11:58 Горадзенскі тэлеканал паказвае перадачу «Тайны Беларуси» пра будаўніцтва кватэр у Менску для кіроўнай эліты. Канал пераключылі.
12:10 Сакратарка камісіі Сьвятлана Казлоўская просіць журналістаў сядзець не за адным з пустых сталоў, а на крэслах каля самай дальняй сьцяны, «а ня так, быццам бы мы калегі — кожны робіць сваю працу».
12:45 З тэлевізара чуваць перадачу «Модный приговор». Там падбіраюць адзеньне жанчыне з нагамі рознай даўжыні.
12:54 Заходзіць малады мужчына ў шортах зь белай стужкай на руцэ. Сьледам за ім — жанчына гадоў пяцідзесяці. Яна памылкова заходзіць у тую ж кабінку, што і папярэдні выбарнік, адразу пераходзіць у іншую. Хутка выходзіць і пытаецца, ці трэба складваць бюлетэнь, каб камісіі было зручней лічыць. Апускае паперу ў разгорнутым выглядзе, «тварам» аркуша да камісіі. За ёй празь некалькі хвілін выходзіць мужчына, што зайшоў першым. Ён нясе аркуш разгорнутым у той бок, дзе яго можа бачыць незалежны назіральнік.
«Толькі палічыце правільна» — зьвяртаецца выбарнік да камісіі. «А ў вас ёсьць прапановы?» — удакладняе сакратарка. «Я магу быць назіральнікам», — адказвае мужчына. «Мы б вас усіх пусьцілі, проста памяшканьне не дазволіць», — адказвае сакратарка.
13:00 Пачынаюцца навіны. Кажуць пра «расейскіх баевікоў». Вусаты «азотаўскі» назіральнік падыходзіць бліжэй да тэлевізара.
«Каго ў лесе знайшлі, каго пад плінтусам, толькі з падачы людзей», — чуваць голас кіраўніка дзяржавы.
13:05 Сівая назіральніца блізка падыходзіць да журналіста і разглядае твар.
«А вы ад якой арганізацыі?» — пытаецца жанчына. «Я журналіст». «Журналіст, але зь нейкай арганізацыі як назіральнік, не?» «Не».
13:07 Наступная навіна па тэлебачаньні — пра яўку на выбары па краіне. Незалежны назіральнік заўважае, што іхні ўчастак адстае.
«Ад каго адстае?» — пытаецца сакратарка. «Ад сярэдняй па Горадзенскай вобласьці». «Усё будзе добра. На мінулых выбарах была яўка 85%, і назіральнік таксама сядзеў. Людзі ішлі. У нас была яўка высокая», — запэўніла сакратарка.
13:18 Заходзіць дзяўчына ў чорнай масцы. Яна жыве ў адным з інтэрнатаў паблізу. Многія выбарнікі перад ёй таксама называлі месцам свайго жыхарства інтэрнат. Яе доўга ня могуць знайсьці ў сьпісах. «Вы толькі ня бойцеся», — просяць сябры камісіі. Дзяўчыну знаходзяць. Яна хутка галасуе і сыходзіць.
13:23 Галасаваць прыйшла маці з малым хлопчыкам з чырвонымі плямкамі на твары. «А хто яго так пакусаў? Камарыкі пакусалі? Такі саладзенькі», — кажа сябра камісіі, як выдае бюлетэнь.
13:37 Сівая назіральніца размаўляе зь некім праз тэлефон: «Пакуль жывая... Я тут ні пры чым, тут ёсьць камісія. Яна займаецца гэтым... Буфэт будзе на вуліцы». Потым абмяркоўвае з паплечніцай канцэрт у асноўны дзень выбараў. Кажа, што адзін з выступоўцаў хацеў, каб Савет вэтэранаў, у які ўваходзіць яна сама, выдзеліў ім грошы. «А зь якіх сродкаў? З членскіх узносаў?» — зьдзіўляецца жанчына. Яны абмяркоўваюць, што «на вуліцы вельмі горача» і што «добра было б на абед купіць піражок з капустай».
13:43 Сакратарка выклікае «азотаўскіх» назіральніц на калідор. Празь некалькі хвілін тыя вяртаюцца зь невялікім стосам папер фармату А4 у файле, кладуць яго на падваконьне.
13:47 Старшыня камісіі яшчэ раз спраўджвае ў журналіста пасьведчаньне, якое ўжо правяралі да яго. «У вас тата на „Азоце“ не працуе?» — удакладняе ён. Назіральнікі пачынаюць запаўняць прынесеныя паперы. Запаўняе дзяўчына, мужчына побач чытае газэту, сталая жанчына выйшла на калідор.
13:55 Перад закрыцьцём участка на перапынак забягае дзяўчына ў лёгкай адкрытай сукенцы зь белым бранзалетам на руцэ. Гэтаксама імкліва выбягае з кабінкі, кідае позірк на незалежнага назіральніка, які сядзіць у куце пры самым выхадзе. Аркуш яна нясе разгорнутым так, каб ён бачыў, дзе стаіць адзнака. Яна шаснаццаты выбарнік за гэты дзень.
14:00 Старшыня апячатвае урну і просіць усіх выйсьці. Міліцыянт замыкае дзьверы. Перапынак да 16:00.
15:40 Прыбіральніца прыносіць пад закрыты ўчастак вядро з анучай. У кабінэт, дзе сядзіць сакратарка, заходзяць нейкія людзі, просяць перадаць паперы на «Азот», шукаюць Віктара Русака.
15:45 Міліцыянт адчыняе ўчастак у прысутнасьці камісіі. «Усё па раскладзе», — дзівіцца парадку прыбіральніца. Старшыня камісіі прызнаецца, што ў яго пачала балець галава, жартаўліва дадае, што гэта можа быць каранавірус. Іншыя пачынаюць яму раіць выпіць асьпірын, а ўвечары гарэлачку і гарачую гарбату, і пад коўдру. «І ў трактар», — давяршае сьпіс парадаў незалежны назіральнік.
15:57 Старшыня дазваляе ўсім зайсьці на ўчастак. Чальцы выбарчай камісіі і «азотаўскія» назіральнікі памяняліся паводле графіку.
15:58 Старшыня зрывае аркуш, які апячатвае урну. Некалькі прысутных, і сам старшыня, заўважаюць, што ў іх на гадзіньніках 58 хвілін.
Аказваецца, роўна 16:00 паказала па тэлебачаньні. Працягваюць гутарку пра каранавірус. Адзін з новых назіральнікаў нядаўна перахварэў у лёгкай форме, а ў Берасьці ёсьць чалавек, што 2 месяцы ляжыць пад ШВЛ. «Гэта адзінкавыя выпадкі. У цэлым мы перамаглі пандэмію», — падсумоўвае старшыня. Маскі ў большасьць прысутных спушчаныя з носу.
16:15 Заходзіць дзяўчына ў белай сукенцы зь белай гумкай для валасоў на руцэ. Яна выходзіць праз тры хвіліны, большасьці выбарнікаў да яе хапала некалькі сэкундаў, каб прагаласаваць. Старшыня тлумачыць незалежнаму назіральніку, які стаіць на калідоры, што «тое, што вы там стаіце, для нас ні пра што».
16:20 Старшыня прапануе ўсім прысутным ваду ў бутэльках, бяз шклянак, каб не заразіцца. «А самая вялікая [бутэлька] для старшыні?», — жартуе нехта. — «Ну, так», — падтрымлівае той.
16:42 Старшыня папрасіў журналіста выйсьці на калідор, каб пагаварыць. «Вы седзіце на ўчастку як журналіст, і я вам нічога не магу сказаць. Але я вам скажу, што збоку гэта выглядае, што вы выконваеце функцыю назіральніка. Калі вы разумееце, пра што я, — ветліва пачаў старшыня камісіі. — Вы нічога не парушаеце. Я не раблю вам заўвагу, але так гэта выглядае збоку. Колькі вы ў мяне плянуеце сядзець?» — «Дзень». — «Калі дзень, то добра». — «А калі больш?» — «Таксама сядзіце, я вам нічога не магу сказаць. Але вы мяне не зразумелі».
16:57 Незалежны назіральнік удакладніў, ці не паступалі новыя заяўкі на надомнае галасаваньне. Не, пакуль іх шэсьць.
17:13 Адразу трое хлопцаў зайшлі прагаласаваць датэрмінова, бо едуць у нядзелю на рыбалку. «Хто мае быць, той будзе», — кажуць яны пра будучага прэзыдэнта. Ад выбараў чакаюць зьменаў у краіне.
17:34 Прыйшла маладая сям’я зь дзіцем. З абедзьвюх кабінак даносіўся гук, як ад фатаздымкі мабільным тэлефонам. Камісія на гук ніяк не адрэагавала, назіральнікі ўсьміхнуліся. Неўзабаве зайшлі яшчэ трое маладзёнаў. Зноў гук фатаздымкі з кабінак.
17:50 Жанчыну сярэдніх гадоў унесьлі ў дадатковы сьпіс для галасаваньня, бо ў асноўным яе не было. Яна выпісалася са старога месца рэгістрацыі і пакуль нідзе не «прапісалася». Ейны ўчастак лічыцца па старым адрасе.
18:06 Выбарніца сярэдніх гадоў прагаласавала і не хавала свой бюлетэнь. Было відаць, што адзнаку яна паставіла каля кандыдата № 3.
18:18 Сакратарка прынесла нейкія паперы, двое сябраў камісіі падпісалі. Сакратарка забрала паперы і разьвіталася.
19:00 «Ну што, завяршаем?», — старшыня ўзяўся за скотч і апячатаў урну. Выніковая колькасьць выбарнікаў у пратаколе — 37 чалавек. У незалежнага назіральніка таксама 37. У журналістаў — 36. Магчыма, яшчэ адзін выбарнік прыйшоў тады, калі старшыня папрасіў журналіста выйсьці на гутарку.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.