Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Ня дай бог мы распалім вогнішча ў цэнтры Менску»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На нарадзе аб бясьпецы выбарчай кампаніі 6 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрымалі некалькіх грамадзянаў Злучаных Штатаў, якія «ставілі перад сабой мэту дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне», піша БелТА.

«Некаторых людзей затрымалі з амэрыканскімі пашпартамі»

Аляксандар Лукашэнка заявіў: у Беларусі затрымалі ўжо «нямала людзей», адносна якіх «ужо даказана», што яны «ставілі перад сабой мэту дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне», і гэта «далёка ня толькі чальцы прыватных вайсковых кампаніяў».

«Вядомыя імёны, прозьвішчы, адрасы, паролі, яўкі, — заявіў Лукашэнка. — Да цудаў часам даходзіць. Сродкі масавай інфармацыі насьцярожваюць нас, што нас тут хочуць захапіць амэрыканцы, натаўцы.

Некаторых людзей затрымалі з амэрыканскімі пашпартамі, жанатых з амэрыканкамі, якія працуюць у Дзярждэпе. Але са штыкамі наперавес іх абараняюць расейскія кіраўнікі.

Ня важна, амэрыканец, дзярждэпавец, прыналежнасьць у цябе да Дэмакратычнай партыі... Удзельнічалі ў перадвыбарчай кампаніі ў Расеі, атрымалі за гэта добрыя грошы. Сёньня хайпуюцца-хайпаваліся на тэрыторыі Беларусі. Я думаю: амэрыканцы пачнуць іх зараз абараняць. Нічога падобнага.

Грошы засьцілаюць вочы, пазелянелі ад гэтых грошай: хто плаціць, за таго і сьпяваюць. Вось адзіная разгадка. І ў нас такіх людзей нямала».

Раней паведамлялася, што ў Беларусі затрымалі паліттэхноляга Віталя Шклярава. Ён працаваў у выбарчых кампаніях Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ксеніі Сабчак і грузінскай апазыцыі. Ён стала жыве ў ЗША. Цяпер быў у Беларусі, бо ў Гомлі жывуць яго бацькі. У чэрвені, у інтэрвію Свабодзе, Шкляраў зьняпраўдзіў, што ён паліттэхноляг Ціханоўскага. Ці ўваходзіць ён у лік затрыманых амэрыканцаў, пра якіх казаў Лукашэнка, невядома.

«Ідзе гібрыдная вайна», але «мы ня ведаем, хто яны»

Лукашэнка папрасіў сілавікоў «узаемадзейнічаць з насельніцтвам для выяўленьня падазроных асобаў» і «дзеля недапушчэньня дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне».

«Шчыра прызнаюся, і, напэўна, вы мне новага ня скажаце: мы ня ведаем, на што яны здольныя, — казаў Лукашэнка пра «падазроных асобаў». — Мы нават ня ведаем, хто яны. Ці гэта амэрыканцы з натаўцамі, ці з Украіны нас хтосьці падціскае, ці нас усходнія браты так моцна „любяць“ — мы нават ня ведаем. Ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі, і мы павінны чакаць паскудзтваў зь любога боку. Што мы, дарэчы, і робім».

Галасаваць датэрмінова ідуць, каб «не згубіць краіну»

Паводле Лукашэнкі, вельмі шмат людзей пайшлі на датэрміновае галасаваньне, бо «насьцярожыліся і зразумелі, што могуць страціць краіну, але страціць яе не жадаюць». Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, за два дні датэрміновага галасаваньня яўка склала рэкордныя 12,75%.

«Тут некаторыя працягваюць заклікаць людзей на майдан 9-га і 10-га, — казаў Лукашэнка. — Ня дай бог мы распалім вогнішча ў цэнтры Менску і будзем раскідаць галавешкі па ўсім Менску. Гэтага мы дапусьціць ня можам і не дапусьцім».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG