Свабода наведала тры выбарчыя ўчасткі ў Менску і пабачыла, як яны выглядаюць пасьля новаўвядзеньняў ад ЦВК.
Датэрміновае галасаваньне на выбарах кіраўніка Беларусі пачалося ў 10.00 4 жніўня. Да суботы ўключна ўчасткі для галасаваньня будуць працаваць па графіку з 10 гадзіны да 14 і з 16 да 20.
На мінулых выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 2015 годзе ў датэрміновым галасаваньні ўзяла ўдзел амаль траціна ад усіх выбаршчыкаў. Свабода прайшлася па трох менскіх участках у першыя гадзіны галасаваньня.
«Прынёс крэслы з дому, каб было на што прысесьці»
Участак № 7 знаходзіцца ў 18-й гімназіі Менску, на плошчы Калініна. Выбары тут праходзяць рэгулярна, і прэзыдэнцкія, і парлямэнцкія. Журналістаў прапускаюць без праблем, толькі просяць запісацца ў кнізе наведваньняў. Старшыня выбарчай камісіі — Міхаіл Мікіцін, на выбарах працуе з падачы грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў. Кажа, што за першыя дзьве гадзіны на ўчастак прыйшло каля 20 чалавек. Усе прагаласавалі спакойна, заўвагаў да арганізацыі прасторы на ўчастку ня мелі.
Кабінкі на ўчастку № 7 арганізаваныя згодна з новымі пажаданьнямі ЦВК. Шторкі ёсьць, але падвязаныя да сьценкі. Схавацца ад сябраў камісіі немагчыма. На сьценцы першай кабінкі сьвежая налепка, яна папярэджвае, што фота- і відэаздымкі тут магчымыя толькі з дазволу старшыні камісіі.
Падыходжу пагаварыць з назіральнікамі. Іх трое, так прапісана ў новых правілах. Прадстаўляюць «Белую Русь», аб’яднаньне вэтэранаў і Саюз жанчын. Яшчэ трое назіральнікаў стаяць пад дзьвярыма. Яны ад АГП і «Честных людей».
«Нас нават дапусьцілі сёньня зазірнуць у скрыню, перад тым як яе апячатвалі, — расказвае адзін з назіральнікаў, які прадстаўляецца Арцёмам. — Яна была пустая. Мы сфатаграфавалі яе. Але на ўчастку нам забаранілі быць. Спаслаліся на старшыню ЦВК Ярмошыну. Стаім тут зараз, пад дзьвярыма. Людзі збольшага па адным падыходзяць, была сталая пара. Я адыходзіў на некалькі хвілін. Прынёс крэслы з дому, каб было на што прысесьці».
Па словах незалежных назіральнікаў, перашкодаў ім тут ня чыняць пакуль. Адзінае, што яны могуць рабіць, — лічыць тых, хто прагаласаваў. Кажуць, што за першыя гадзіны на ўчастак прыйшло 14 чалавек.
«Прагаласавала, а зараз пайду выступ Лукашэнкі глядзець»
Участак № 6 — на тэрыторыі Менскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа. Тут у нас адразу ўзьнікаюць праблемы. Спачатку вахцёрша, якая прадстаўляецца Лідзіяй Лявонцьеўнай, спыняе на прахадной і катэгарычна забараняе прайсьці далей. А потым капітан міліцыі Міхальцоў доўга звоніць начальству і ходзіць некуды з нашымі пасьведчаньнямі. Разбор займае хвілін 20, пускаюць на ўчастак толькі пасьля прапановы пазваніць у ЦВК асабіста Лідзіі Ярмошынай і высьветліць, ці могуць журналісты працаваць побач з выбарчай камісіяй.
«Можа, вы ня будзеце фатаграфаваць нашыя твары, а то дзяўчаты саромеюцца, — пытаецца старшыня выбарчай камісіі № 6, намесьніца дырэктара палітэхнічнага каледжа па выхаваўчай працы Натальля Куноўская. — Яны тут сядзяць у камісіі, працуюць. А іх кавалеры пабачаць фота і будуць потым распытваць, хто гэта тут іх фатаграфаваў».
На пытаньне, чаму можна саромецца працы на выбарах у складзе камісіі, Натальля Куноўская не адказвае. Участак у палітэхнічным каледжы арганізаваны маштабна — у вялізнай залі з высокай стольлю. На сьценах фрэскі са Скарынам, ад кабінак да скрыні для галасаваньня — чырвоны кілімчык.
«Мы ўсё рэгулярна праціраем дэзынфэкцыйным сродкам, — расказвае спадарыня Куноўская. — Заўваг не было. Кабінкі ў нас адкрытыя, але гэта цяпер па правілах ЦВК так».
Назіральнікаў на ўчастку № 6 таксама трое, усе ціха сядзяць у куточку. Кажуць, што прадстаўляюць працоўны калектыў, прафсаюз і Саюз жанчын. Назіральніца ад «Честных людей» Ксенія стаіць за дзьвярыма. Кажа, што на ўчастак яе не пускаюць, але дазволілі сядзець на канапе ў фае. За першыя гадзіны працы ўчастка Ксенія налічыла 11 чалавек, якія прагаласавалі. Усяго за ўчасткам замацавана 1380 чалавек.
«Датэрмінова прыйшла, я жыву тут, — кажа пасьля галасаваньня жанчына пэнсійнага ўзросту, якая прадстаўляецца Іраідай Іванаўнай. — Здароўе падвяло. Выйшла ў краму і заадно зайшла прагаласаваць. Каб прыйсьці дадому і яшчэ паслухаць выступ прэзыдэнта нашага. Ужо скончыўся? Ну нічога, яшчэ раз перададуць. Я заўсёды датэрмінова галасую. Як захварэю заўтра, то што? Трэба будзе клікаць некага, людзей турбаваць. А тут ужо прыйшла, то ўжо прыйшла».
«Вывелі зь міліцыяй, назіраю праз вакно»
Участак № 6 знаходзіцца ў актавай залі Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З нагоды пачатку датэрміновага галасаваньня перад уваходам у Аб’яднаны інстытут разгарнулі выязны гандаль. Іпэшнікі з Наваградку і рамесьнікі са Слоніма прапануюць выбаршчыкам карункавую ніжнюю бялізну і драўляныя вырабы. Кажуць, што тавары разыходзяцца актыўна і са зьніжкамі. Гандаль арганізаваны праз райвыканкамы пад кіраўніцтвам адміністрацыі Першамайскага раёну Менску.
«Тут у нас назіральнікі, тут кабінкі, тут скрыня для галасаваньня, — расказвае старшыня выбарчай камісіі Лілія Шатраўка. — Шторак на кабінках няма, але мы і так ня бачым, што там адбываецца. Кабінкі так паставілі, што нам нічога не відаць».
Спадарыня Лілія працуе загадчыцай у дзіцячым садку № 296, выбарчую камісію ўзначальвае ад «Белай Русі». Сярод назіральнікаў знаходжу супрацоўніцу садка. Яшчэ двое назіральнікаў трапілі на выбарчы ўчастак праз збор подпісаў грамадзян, але прыналежнасьць да «Честных людей» альбо іншай кампаніі па назіраньні за выбарамі адмаўляюць. Адну зь іх знаходжу на ганку інстытута.
«Не пусьцілі мяне прысутнічаць на ўчастак, — расказвае назіральніца, якая прадстаўляецца Натальляй. — Там вялізная актавая заля, я не ўяўляю небясьпекі. Маю маску, пальчаткі, антысэптык. Але старшыня камісіі спаслалася на пастанову ЦВК аб абмежаваньні колькасьці назіральнікаў. Папрасілі выйсьці.
Я выйшла з залі, заняла месца побач з выхадам. Хацела рэгістраваць колькасьць тых, хто прагаласаваў. Гэта таксама важна, я перадаю інфармацыю на плятформу. Але мяне і адтуль папрасілі выйсьці, увогуле з будынку. Запрасілі міліцыю, ветліва вывелі вось сюды, на ганак. Стаю, праз вакно назіраю. Але адсюль я ўжо не магу дакладна падлічыць колькасьць тых, хто прагаласаваў».
Асноўны дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах прызначаны сёлета на 9 жніўня. ЦВК паабяцаў павялічыць колькасьць назіральнікаў на ім з трох да пяці. Абяцаюць таксама працу сьвяточных буфэтаў і выступы канцэртных калектываў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.