Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасады Беларусі заклікаюць беларусаў прагаласаваць датэрмінова


Акцыя салідарнасьці каля амбасады Беларусі ў Кіеве, архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці каля амбасады Беларусі ў Кіеве, архіўнае фота

Сёньня на афіцыйных сайтах некалькіх беларускіх амбасадаў у эўрапейскіх краінах зьявілася паведамленьне з заклікам датэрмінова галасаваць на выбарах прэзыдэнта Беларусі.

«Амбасада робіць усё, каб забясьпечыць магчымасьць рэалізацыі грамадзянамі сваіх выбарчых правоў. Аднак сёлета прапускная здольнасьць участкаў будзе зьменшаная ў сувязі з захадамі па супрацьдзеяньні распаўсюду каранавірусу. У сувязі з гэтым амбасада выказвае занепакоенасьць і заклікае вас прыняць актыўны ўдзел у датэрміновым галасаваньні», — пішуць у паведамленьнях дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі ва Ўкраіне, Літве, Польшчы, Швэцыі.

Амбасады Беларусі ў Латвіі і Францыі паведамляюць, што выбары адбудуцца 9 жніўня, а пры немагчымасьці ў гэты дзень прыйсьці на выбарчы ўчастак можна прагаласаваць датэрмінова з 4 па 8 жніўня.
Дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Эстоніі ўвогуле заклікае грамадзян Беларусі ўзяць актыўны ўдзел у датэрміновым галасаваньні з 4 па 8 жніўня.

Асобна паведамляецца аб забароне выкарыстоўваць на тэрыторыі амбасадаў электронныя прылады (мабільныя тэлефоны, фота- і відэаапаратуру, дыктафоны).

Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, у сьпісы выбарнікаў па-за межамі Беларусі ўключана 5319 беларускіх грамадзян. На прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе за мяжой у выбарчыя сьпісы было ўключана 5742 грамадзян Беларусі.

Паводле заканадаўства, за межамі Беларусі могуць прагаласаваць беларускія грамадзяне, якія часова ці стала пражываюць у іншай дзяржаве або знаходзяцца ў паездцы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG