Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча аштрафавала «Газпром» на 48 мільёнаў эўра


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Управа абароны канкурэнцыі і правоў спажыўцоў Польшчы аштрафавала «Газпром» за адмову падаць дадзеныя аб праекце «Паўночны паток – 2». Сума штрафу склала 213 млн злотых (каля 48 млн эўра), гаворыцца ў паведамленьні польскага антыманапольнага ведамства. Гэта максымальна магчымая паводле закону сума.

Прычынай штрафу стала адмова «Газпрому» даць зьвесткі аб кантрактах, заключаных кампаніяй Nord Stream 2 — даччынай кампаніяй расейскай карпарацыі — з эўрапейскімі кампаніямі, якія фінансуе будаўніцтва газаправоду.

Польскае антыманапольнае ведамства расьсьледуе дзеяньні шасьці эўрапейскіх кампаній, у тым ліку «Газпрому», абвінавачваючы іх у стварэньні кансорцыюму, які фінансуе будаўніцтва газаправоду па дне Балтыйскага мора, безь неабходнага дазволу польскага боку.

Раней у той жа справе за «ўпартую і неабгрунтаваны адмову» перадаць запытаныя дакумэнты на 40 млн эўра аштрафавалі францускую кампанію Engie.

«Газпром» пакуль не камэнтаваў рашэньня польскага ведамства.

Фармальна «Паўночны паток – 2» будуе не кансорцыюм, а цалкам падкантрольная «Газпрому» кампанія, якая прыцягвае сродкі эўрапейскіх кампаній у якасьці крэдытаў. Аднак у Варшаве настойваюць, што гаворка ўсё роўна ідзе пра кансорцыюм, які парушае антыманапольнае заканадаўства.

Польшча, як і ЗША і шэраг іншых краін ЭЗ, выступае супраць будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2», лічачы яго сродкам палітычнага ціску Расеі на Эўразьвяз і Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG