Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ уганараваў Паўла Севярынца знакам Віктара Івашкевіча. Узнагарода даецца за вулічныя акцыі


Памятны знак імя Віктара Івашкевіча
Памятны знак імя Віктара Івашкевіча

Сойм Партыі БНФ уганараваў памятным знакам імя Віктара Івашкевіча беларускага палітыка Паўла Севярынца, які цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні. Гэтым знакам Партыя БНФ традыцыйна адзначае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцыяў.

Павал Севярынец атрымлівае яго «на знак прызнаньня ягонай вызначальнай ролі як арганізатара і натхняльніка сэрыі масавых акцыяў пратэсту, што адбыліся ў Беларусі ў канцы 2019 году і былі скіраваныя супраць пагрозаў «паглыбленай інтэграцыі» і страты беларускага дзяржаўнага сувэрэнітэту», – гаворыцца ў заяве Сойму.

Знак быў заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выдатнага палітыка-фронтаўца Віктара Івашкевіча, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013-м, калі яму было 54 гады. Сёлета ўзнагарода ўручаецца сёмы раз.

Цяпер Павал Севярынец знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна, тэрмін зьняволеньня яму штораз падаўжаюць. Праваабарончы рух Беларусі абвясьціў Паўла Севярынца палітвязьнем. Сойм Партыі БНФ патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Памятны знак імя Віктара Івашкевіча будзе ўручаны Севярынцу пасьля яго вызваленьня.

Знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся раней намесьніку старшыні Партыі БНФ Вадзіму Саранчукову, лідэру грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алегу Корбану, кінарэжысэрцы і грамадзкай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідэру «Маладога Фронту» Зьмітру Дашкевічу, вэтэрану нацыянальна-адраджэнскага руху Ніне Багінскай, сябру БНФ і ўладальніку крамы symbal.by Паўлу Белавусу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG