У некалькіх амэрыканскіх гарадах на выходных прайшлі акцыі пратэсту, якія перарасьлі ў гвалт. Каля будынка суду ў Портлэндзе, штат Арэгон, адбыліся сутыкненьні дэманстрантаў з фэдэральнымі агентамі, у Сіэтле паліцыянты былі вымушаныя адступіць да будынка ўчастку, у Каліфорніі і Вірджыніі адбыліся падпалы машын.
Забурэньні ў суботу і ў ноч на нядзелю сталі працягам шматтыднёвых акцыў пратэсту супраць расавай несправядлівасьці і адносінаў паліцыі зь людзьмі зь нябелым колерам скуры, якія пачаліся пасьля гібелі Джорджа Флойда ў Мінэапалісе 25 траўня. Чарнаскуры Флойд памёр, закуты ў кайданкі, пасьля таго як белы паліцэйскі прыціскаў яго шыю каленам каля 8 хвілін, нягледзячы на словы Флойда, што ён ня можа дыхаць.
Штат Вашынгтон
У Сіэтле паліцэйскія адступілі ў паліцэйскі ўчастак у ноч на нядзелю, празь некалькі гадзін пасьля буйных дэманстрацый у раёне Кэпітал-Хіл. Некаторыя дэманстранты затрымаліся пасьля таго, як паліцыянты ўвайшлі ў будынак участка каля гадзіны ночы, але большасьць неўзабаве сышла, як можна меркаваць на аснове відэа, разьмешчанага ў інтэрнэце.
На начной прэс-канфэрэнцыі начальніца паліцыі Сіэтла Кармэн Бэст заклікала да міру. Падчас беспарадкаў на выходных у паліцэйскіх ляцелі камяні, бутэлькі і фаервэркі. Паліцыя паведаміла пра арышт 45 чалавек за нападу на афіцэраў, перашкоду іх дзейнасьці і адмову разысьціся. У сутыкненьнях пацярпеў 21 афіцэр, але ў большасьці выпадкаў атрыманыя траўмы зьяўляюцца нязначнымі, паведаміла паліцыя.
Арэгон
У Портлэндзе тысячы чалавек сабраліся ў суботу ўвечары яшчэ на адну ноч пратэстаў супраць забойства Джорджа Флойда і прысутнасьці фэдэральных агентаў, нядаўна накіраваных у горад прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Дэманстранты прарвалі загароду вакол будынка фэдэральнага суду, дзе разьмясьціліся агенты.
Паліцыя кваліфікавала тое, што адбываецца, як грамадзянскія беспарадкі, і прыкладна ў 01:20 ночы загадала людзям пакінуць тэрыторыю вакол суду пад пагрозай арышту, заявіўшы ў Твітэры, што гвалт стварыў «сур’ёзную пагрозу» для грамадзкасьці. Прыкладна праз 20 хвілін фэдэральныя афіцэры і мясцовая паліцыя паспрабавалі ачысьціць тэрыторыю і ўжылі сьлезацечны газ, але дэманстранты заставаліся на месцы пасьля 02:30, сфармаваўшы шарэнгі на скрыжаваньнях і трымаючы самаробныя шчыты, у той час як паліцыя патрулявала і перакрывала прылеглыя да раёна кварталы. Былі праведзены шматлікія арышты, але дакладны іх лік пакуль невядомы.
Тэхас
У сталіцы Тэхаса Осьціне 28-гадовы Гарэт Фостэр быў застрэлены ў суботу ўвечары чалавекам, які заехаў на аўтамабілі ва ўдзельнікаў маршу супраць паліцэйскага гвалту.
Начальнік паліцыі Осьціна Браян Мэнлі паведаміў, што машына павярнула на вуліцу, дзе стаялі дэманстранты, і пасігналіла. Кіроўца і некалькі відавочцаў паведамілі, што Фостэр падышоў да кіроўцы і накіраваў на іх аўтамат.
На відэа, якое трансьлявалася ў Facebook, чуваць, як сыгналіць аўтамабіль, пасьля чаго раздаецца некалькі стрэлаў, дэманстранты пачынаюць крычаць і разьбягаюцца. Пасьля гэтага відаць, што паліцэйскія спрабуюць дапамагчы чалавеку, які ляжыць на вуліцы.
Па словах Мэнлі, кіроўца сам патэлефанаваў у службу 911, каб паведаміць пра інцыдэнт, яго затрымалі, але потым вызвалілі. Паліцыя не паведаміла імя кіроўцы.
Маці Гарэта, Шэйла Фостэр, заявіла, што яе сын перавозіў праз скрыжаваньне сваю нявесту на інвалідным вазку, калі падазраваны «бязладна» ехаў праз натоўп. Паводле яе, ёй сказалі, што кіроўца стрэліў у ейнага сына тры разы.
Каларада
Тым часам у Арары, прыгарадзе Дэнвэра, дэманстрант параніў чалавека, пасьля таго як машына ўехала ў дэманстрацыю на аўтамагістралі, паведаміла паліцыя. Параненага даставілі ў лякарню ў стабільным стане. Паліцыя не раскрыла многіх падрабязнасьцяў, якія тычацца страляніны. У прыватнасьці, незразумела, ці знаходзіўся пацярпелы ў машыне. Паліцыя паведаміла ў Твітэры, што дэманстранты таксама нанесьлі «сурʼёзную шкоду» будынку суду.
Каліфорнія
Дэманстранты ў Оклэндзе, штат Каліфорнія, падпалілі будынак суду, пашкодзілі паліцэйскі ўчастак, разьбілі вокны, малявалі графіці, запускалі ў паліцэйскіх фаервэркі і асьляплялі іх лазэрамі, пасьля таго як мірная дэманстрацыя ў суботу ўвечары перарасла ў забурэньні.
Вірджынія
У сталіцы Вірджыніі Рычмандзе падчас сутыкненьняў сотняў дэманстрантаў і паліцыянтаў вечарам у суботу быў падпалены сьмецьцявоз. Каля 23 гадзін паліцыя кваліфікавала акцыю як «незаконны сход» і, мяркуючы па ўсім, ужыла сьлезацечны газ, каб расьсеяць натоўп. Пяць чалавек былі арыштаваныя, ім прадʼявілі абвінавачаньні ў незаконным сходзе. Яшчэ адзін чалавек быў арыштаваны і абвінавачаны ў беспарадках і нападзе на супрацоўніка праваахоўных органаў.