Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка склікае 3 жніўня пазачарговую сэсію парлямэнту, каб выступіць са штогадовым пасланьнем


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

3 жніўня, за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выступіць са штогадовым пасланьнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, паведамляецца на pravo.by.

«У адпаведнасьці з Указам кіраўніка дзяржавы ад 24 лiпеня 2020 году № 294 3 жніўня 2020 году ў Менску склікаецца трэцяя пазачарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі для заслухоўваньня штогадовага пасланьня прэзыдэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь і разгляду іншых пытаньняў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Указ набыў сілу 24 ліпеня.

Штогадовае пасланьне прадугледжана Канстытуцыяй Беларусі. Артыкул 84 кажа, што прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, сярод іншага,

  • «зьвяртаецца з пасланьнямі да народу Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай і зьнешняй палітыкі»,
  • «зьвяртаецца са штогадовымі пасланьнямі да Парлямэнту, якія заслухоўваюцца без абмеркаваньня на пасяджэньнях Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі; мае права ўдзельнічаць у рабоце Парлямэнту і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленьнем».

Другая сэсія Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня завяршыла працу 30 чэрвеня 2020 году. Упершыню за 25 гадоў — час існаваньня двухпалатнага парлямэнту — Аляксандар Лукашэнка ня выступіў перад дэпутатамі.

Адпачатку праграмны зварот плянаваўся ў красавіку, аднак з прычыны распаўсюду каранавірусу яго перанесьлі на «пазьнейшы час», а пасьля і ўвогуле перасталі згадваць. Аляксандар Лукашэнка, аднак, не выключаў, што можа сумясьціць пасланьне з выказваньнем сваёй прэзыдэнцкай праграмы на новы тэрмін.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG