На пляцоўцы petitions.by разьмешчаная пэтыцыя супраць перавышэньня паўнамоцтваў супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
7 ліпеня праваабаронцы атрымалі адказ з Генпракуратуры на свой электронны зварот, які тычыўся спыненьня незаконных дзеяньняў міліцыі. Аднак па сутнасьці не было дадзена адказу на ўзьнятыя пытаньні. У прыватнасьці, аўтары ліста патрабавалі.
1. Абавязаць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія ахоўваюць парадак у горадзе:
1.1. знаходзіцца ў форменнай вопратцы, якая будзе ясна дэманстраваць удзельнікам мірных сходаў, што яны маюць справу не з бандытамі, а з прадстаўнікамі ўлады
1.2. не выкарыстоўваць для перавозкі затрыманых людзей аўтатранспарт без апазнавальных міліцэйскіх знакаў
2. Выконваць Канстытуцыю і палажэньні міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека і свабодзе мірных сходаў:
2.1. празьмернае прымяненьне сілы праваахоўнымі органамі можа парушыць асноўныя свабоды і правы, падарваць адносіны паміж сілавікамі і грамадзтвам і стаць прычынай шырокага распаўсюду напружанасьці.
2.2. наяўнасьць у праваахоўных органаў паўнамоцтваў, якія прадугледжваюць магчымасьць ужываньня сілы, не азначае, што такія паўнамоцтвы варта выкарыстоўваць заўсёды.
2.3. супрацоўнікі праваахоўных органаў павінны адрозьніваць удзельнікаў сходу, і тых, хто ў ім ня ўдзельнічае. У непасрэднай блізкасьці ад месца правядзеньня сходу могуць знаходзіцца выпадковыя мінакі або назіральнікі.
2.4. супрацоўнікі міліцыі павінны адрозьніваць мірных удзельнікаў, і тых, хто настроены на гвалтоўныя дзеяньні. Таму падчас затрыманьняў або разгону (што ёсьць крайняй мерай) супрацоўнікам праваахоўных органаў не варта ставіцца да натоўпу як да аднастайнай масы.
2.5. адным з базавых стандартаў, замацаваных у кіроўных прынцыпах па свабодзе мірных сходаў, зьяўляецца неабходнасьць таго, каб супрацоўнікаў міліцыі было лёгка адрозніць у тым ліку па асабістых апазнавальных знаках.
Паколькі адказ зьяўляўся, па сутнасьці, адпіскай, праваабароцны просяць прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагаваньня па праблемах, выкладзеных як у першасным звароце, так і ў названай скарзе.
- Зьвярнуцца да міністра ўнутраных спраў з загадам аб ліквідацыі парушэньняў органамі ўнутраных спраў заканадаўства, прычын і ўмоваў, якія спрыяюць гэтым парушэньням
- Забясьпечыць нашэньне супрацоўнікамі міліцыі, якія ўдзельнічаюць у затрыманьнях грамадзянаў, адпаведнай формы адзеньня і знакаў адрозненьня, якія будуць ясна дэманстраваць грамадзянам, што яны маюць справу не з «бандытамі», а з прадстаўнікамі ўлады
- Адмовіцца ад выкарыстаньня для перавозкі затрыманых аўтатранспарту без апазнавальных міліцэйскіх знакаў
- Не затрымліваць людзей і не ўжываць да іх сілу толькі за ўдзел у мірных сходах, без рэальных і значных падставаў.
Як лічаць праваабаронцы, прыняцьце названых мераў неабходна для ўмацаваньня даверу грамадзянаў да органаў, якія павінны стаяць на варце законнасьці і забеспячэньня іх правоў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.