Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На падпісанта тэлеграм-каналу «Армія з народам» завялі крымінальную справу


Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь
Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь

На падпісанта тэлеграм-каналу «Армія з народам» Сяргея Лук'янава, затрыманага 21 ліпеня, завялі крымінальную справу па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Пра гэта паведаміла праваабарончаму цэнтру «Вясна» знаёмая Сяргея Лукʼянава. Па стане на 16.30 ён знаходзіцца ў Сьледчым камітэце.

21 ліпеня міліцыя затрымала двух падпісантаў Telegram-каналу «Армія з народам». Аднаго зь іх, Сяргея Лук’янава, ужо штрафавалі на 1350 рублёў за «непадпарадкаваньне» і «абразу» «людзей у цывільным», якія ладзілі ператрус у ягонай кватэры ў сувязі зь дзейнасьцю каналу.

21 ліпеня ў Лук’янава зноў прайшоў ператрус. Пра другога затрыманага, Сяргея Коршуна, нічога пакуль не вядома.

34-гадовы бацька дваіх дзяцей Сяргей Лук’янаў расказаў пра гвалтоўнае затрыманьне «людзьмі ў цывільным» у сваёй жа кватэры і пра штраф за «непадпарадкаваньне» і «абразу» праваахоўнікаў. Ён сьцьвярджае, што 29 чэрвеня да яго ў кватэру пагрукалі «людзі ў цывільным» (ён піша, «ад 5 да 7 чалавек»), якія назваліся міліцыянтамі. Ён прачыніў дзьверы, тыя сталі «ламіцца» ў кватэру.

Цяжарная жонка спужалася, таму ён стаў прытрымліваць дзьверы, каб жонка пасьпела пайсьці ў іншы пакой, піша Лук’янаў. Ён паведаміў, што ў кватэры цяжарная жонка і малыя дзеці, але «людзі ў цывільным» усё роўна працягвалі «ламіцца», уварваліся ў кватэру, павалілі яго на падлогу, заламалі рукі, ужылі здушальны прыём.

Як высьветлілася, піша Лук’янаў, «людзі ў цывільным» меліся правесьці ператрус, бо яму інкрымінавалі «заклік да гвалтоўнага зрынаньня ўлады» за ўдзел у Telegram-канале «Армія з народам» (на момант публікацыі ў тым канале няма такіх заклікаў).

У выніку Лукʼянаў, як ён сьцьвярджае, правёў дзень у ізалятары часовага ўтрыманьня і быў аштрафаваны на 1350 рублёў, застаўся без тэлефона і іншых сродкаў сувязі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG