У Луцку, цэнтры Валынскай вобласьці Ўкраіны, невядомы чалавек захапіў аўтобус, у якім знаходзіцца каля двух дзясяткаў пасажыраў.
Як паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў, мужчына мае зброю і выбухоўку.
Правахоўнікі Валынскай вобласьці абвясьцілі апэратыўны плян «Закладнік» і цалкам перакрылі цэнтар гораду. Залучаныя таксама супрацоўнікі антытэрарыстычнага цэнтру СБУ.
Як паведаміў кіраўнік рэгіянальнай паліцыі Юры Крошка, мужчына забарыкадаваўся ў аўтобусе і зрабіў некалькі стрэлаў. Але невядома, ці ёсьць там параненыя. Відавочцы падзеі кажуць, што відаць прастрэленыя шыбы аўтобуса.
Праваахоўнікі вядуць са злачынцам перамовы праз тэлефон, але пакуль што ён ня выставіў ніводнага патрабаваньня. Як сьцьвярджаюць у паліцыі, ён дасылае паведамленьне: «Незадаволенасьць сыстэмай ва Ўкраіне».
Жыхароў Луцку заклікалі дзеля ўласнай бясьпекі адмовіцца ад наведваньня цэнтру гораду.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўзяў гэтую справу пад асабісты кантроль.
«Робіцца ўсе, каб сытуацыю ўрэгуляваць без ахвяраў», — запэўніў Уладзімір Зяленскі.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка на сваёй старонцы ў Facebook назваў імя імавернага тэрарыста:
«Асоба, якая захапіла закладнікаў, патэлефанавала а 9.25 у паліцыю і прадставілася Максімам Плахім. У Інтэрнэце пад аўтарствам такога чалавека ёсьць кніга „Філязофія злачынца“, у якой апісваецца знаходжаньне аўтара ў месцах пазбаўленьня волі і ягоныя погляды на жыцьцё».
Паліцыянты таксама паведамляюць, што на сваёй старонцы ў Twitter Максім Плахой паведамляе аб закладзенай выбухоўцы ў іншых месцах, і што ягоная сьмерць «не ўратуе ад выбухаў».