Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён бачыў сябе ў змагарстве». У Магілёве разьвіталіся з мэдыкам-беларусам, які загінуў на Данбасе


Паніхіда па Міколу Ільіну
Паніхіда па Міколу Ільіну

У магілёўскім катэдральным касьцёле 21 ліпеня адбылася грамадзянская паніхіда па мэдыку-беларусу Міколу Ільіну, што загінуў на Данбасе. Свабода напярэдадні пагутарыла з тымі, хто яго ведаў.

Мікола Ільін загінуў падчас абстрэлу прарасейскімі сэпаратыстамі групы ўкраінскіх вайскоўцаў, якія спрабавалі з «шэрай зоны» эвакуаваць цела байца, які падарваўся на міне.

17 ліпеня ў выніку перамоваў баевікі перадалі цела беларуса ўкраінскаму боку. Маці Міколы Ільіна цяпер ва Ўкраіне.

Пра Міколу Ільіна. Сьцісла

  • Нарадзіўся ў Магілёве 23 красавіка 1984 году.
  • Амаль 10 гадоў вучыўся граць на флейце ў музычнай школе. Меўся служыць у вайсковым аркестры.
  • Хрышчаны ў праваслаўе, але сам выбраў каталіцызм. З 12 гадоў у Магілёўскім катэдральным касьцёле быў міністрантам. Маці сьпявала ў касьцельным хоры.
  • 15-гадовым юнаком захапіўся рыцарскай рэканструкцыяй. Два гады хадзіў на заняткі ў магілёўскі рыцарскі клюб «Барысфэн».
  • Удзельнічаў у апазыцыйных моладзевых арганізацыях «Малады фронт», «Зубар».
  • У Эстоніі вывучыўся на мэдыка. Там працаваў таксоўцам і экскурсаводам, атрымаў эстонскае грамадзянства.
  • Валодаў беларускай, эстонскай, ангельскай, расейскай мовамі.
  • Паехаў на Данбас, каб дапамагчы ўкраінцам у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.

«Ён бачыў сябе ў змагарстве»

Кіраўнік і заснавальнік клюбу рыцарскай рэканструкцыі «Барысфэн» Павал Станкевіч згадвае, што Мікола далучыўся да іх у 1999 годзе. Тады суполка толькі пачынала дзейнасьць. Пазнаёміліся ў летніку на возеры Лосьвіда, дзе быў у складзе скаўцкай дружыны 1-й магілёўскай школы.

У клюбе Мікола Ільін запомніўся актыўнасьцю, ініцыятыўнасьцю. Яму спадабалася, што рэканструктары «стараліся гаварыць па-беларуску», і неўзабаве ён сам стаў беларускамоўным.

Акцыя апазыцыі ў Магілёве. Мікола Ільін з магнітафонам у цэнтры
Акцыя апазыцыі ў Магілёве. Мікола Ільін з магнітафонам у цэнтры

Павал Станкевіч зазначае: яны вывучалі рыцарскую культуру, выраблялі ваярскі рыштунак, а Мікола прагнуў «палітычнай, вулічнай актыўнасьці» і праз два гады сышоў у «Малады фронт» і «Зубар».

«Ён з захапленьнем і з зацятасьцю ставіўся да рыцарскай культуры і ваяроў таго часу. Але бачыў сябе ў змагарстве. Можа, таму і пайшоў у „Малады фронт“, а затым у „Зубар“», — падсумоўвае Павал.

«Ільін быў лідэрам № 1 у сваёй узроставай катэгорыі»

Журналіст і праваабаронца Аляксандар Буракоў, які на пачатку 2000-х гадоў займаўся рэалізацыяй моладзевых праектаў, згадвае Міколу Ільіна як «прыкметнага, харызматычнага хлопца зь лідэрскімі якасьцямі». У Магілёве яго зналі пад мянушкай «Фронт».

«Фронт быў лідэрам № 1 у сваёй узроставай катэгорыі. Пазыцыянаваў сябе камандзірам. Прагнуў бесьперапыннай дзейнасьці. Характарам быў няўрымсьлівы, але з розумам. Без абдумваньня нічога не дазваляў сабе рабіць», — адзначае Аляксандар Буракоў.

Мікола Ільін (крайні справа з магнітафонам) на магілёўскай акцыі апазыцыі
Мікола Ільін (крайні справа з магнітафонам) на магілёўскай акцыі апазыцыі

Ён прыгадаў, як група магілёўцаў ехала ўзімку на акцыю пратэсту ў Менск і, калі іхную машыну спыніла міліцыя і стала зразумела, што да сталіцы не дабяруцца, «Фронт» загадаў моладзі: «А цяпер у поле!».

«Гэта ўразіла дарослых, — кажа суразмоўца, — і яны ня ведалі, што рабіць, а хлопцы пазьней знайшліся ў адной зь вёсак за дзясятак кілямэтраў ад шашы».

На ягоную думку, Ільіну Магілёў быў замалы, і ён хацеў зьехаць туды, дзе можна задаволіць прагу дзейнасьці. Аляксандар Буракоў кажа: калі стала вядома пра сьмерць Ільіна, то прагледзеў шмат відэа зь ім і быў уражаны, наколькі былы юнак зьмяніўся за гады.

«Ад яго ранейшага засталіся толькі вочы з прыжмурам, — кажа суразмоўца. — На відэа мужчына, які асэнсавана робіць тое, што лічыць неабходным».

«Незвычайны хлопец зь сьмелымі ўчынкамі»

Вочы Ільіна запомніліся і праваабаронцу Аляксею Колчыну, які на пачатку 1999 году быў адным зь лідэраў магілёўскай філіі БНФ. Тады ў Магілёве рэгулярна праводзілі вулічныя акцыі.

«У ягоных вачах пры сустрэчах чыталася, што ён чакае, нават патрабуе ад суразмоўцы рэагаваньня на тое, што адбываецца ў краіне — маўляў, што ты робіш, каб сытуацыя зьмянілася», — адзначае Колчын.

Мікола Ільін зь сябрамі «Маладога фронту» на цэнтральнай плошчы, што перад Магілёўскім аблвыканкамам
Мікола Ільін зь сябрамі «Маладога фронту» на цэнтральнай плошчы, што перад Магілёўскім аблвыканкамам

Ён адзначае, што Ільін быў незвычайны хлопец зь сьмелымі ўчынкамі.

«У ім адчуваўся стрыжань, і ён ведаў сабе цану»

У 2005 годзе магілёўскую суполку «Зубра» ачоліў грамадзкі актывіст з шматгадовым досьведам Валадар Цурпанаў. Ён кажа, што «Колька-Фронт» успрыняў яго як настаўніка. Суразмоўца характарызуе Мікалая як «няўрымсьлівага юнака, які імкнуўся выглядаць і паводзіцца салідна, па-даросламу» і гэтым стараўся падабацца яму.

Мікола Ільін (у цэнтры стаіць профілем) на «Чарнобыльскім шляху»
Мікола Ільін (у цэнтры стаіць профілем) на «Чарнобыльскім шляху»

Ірына Цурпанава, якая на просьбу мужа «займалася асьветай магілёўскіх зуброўцаў», называе Ільіна «мяккім і адначасна рашучым юнаком». «Ягоная ідэйнасьць істотна адрозьнівала яго ад астатніх. Здавалася, ён жыве зь неадольнай прагай, гатовасьцю да подзьвігу, — кажа суразмоўца. — Разумны, удумлівы малады чалавек, несумненна, ужо ў такім веку ведаў сабе цану».

Валадар Цурпанаў дадае, што ягоныя кантакты зь Мікалаем перапыніліся пасьля плошчы 2006 году, у якой абодва ўдзельнічалі. Праз пэўны час сьпісаліся ў Фэйсбуку. Па ягоных допісах ён зрабіў выснову, што Мікалай мае «дакладнае, акрэсьленае разуменьне сябе і свайго месца ў жыцьці».

«Ільін прагнуў яскравасьці ў акцыях, абачліва і з асьцярогай»

У 2006 годзе Мікола Ільін спрабаваў пранесьці ў намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менску кампактны туалет — і спэцназаўцы яго зьбілі. Мэдыкі зафіксавалі чэрапна-мазгавую траўму. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся. У інтэрвію Свабодзе казаў: «Калі я адчуваю боль, то жыву і мушу рабіць дабро. Тое, што адбылося, — яшчэ адзін крок да перамогі».

Праваабаронца Андрэй Палуда, адзін з кіраўнікоў «Зубра», згадвае Мікалая Ільіна як бескампраміснага маладога чалавека, які «дзейнічаў на карысьць Беларусі». Ён кажа, што пасьля плошчы да Мікалая ў лякарню наведваліся супрацоўнікі спэцслужбаў і пагражалі крымінальнай справай. На думку суразмоўцы, адной з прычын эміграцыі Ільіна было расчараваньне, што ягоная дзейнасьць не дае плёну.

Мікола Ільлін
Мікола Ільлін

«Пасьля перамогі Памаранчавай рэвалюцыі ён паехаў ва Ўкраіну, бо зьмены там былі блізкія яму, але прытулку яму не далі. Ягоныя сябры дапамаглі перабрацца ў Эстонію», — апавядае Андрэй Палуда.

Праваабаронца кажа, што ня ведаў пра ад’езд Ільіна на ўсход Украіны, і навіна пра сьмерць былога зуброўца стала для яго шокам.

«Відаць, у яго былі нейкія прычыны туды паехаць. Для мяне было паказальна, што ён быў там мэдыкам, а ягоная работа скіраваная на тое, каб ратаваць, — адзначае Андрэй Палуда. — Я не магу сьцьвярджаць, што ў ягоным характары была авантурнасьць. Ён прагнуў яскравасьці ў акцыях, абачліва і з асьцярогай».

З Украіны Міколу Ільіну перабрацца ў Эстонію дапамаглі ўкраінскія валянтэры. Там вывучыўся на мэдыка. Як кажа вэтэран добраахвотніцкага батальёну «Данбас» Паўло Валянтовіч, ва Ўкраіну Мікалай вярнуўся, каб дапамагчы ўкраінцам у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасьць краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG