Акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі ў Беларусі і ў падтрымку дэмакратычных зьменаў працягваюць адбывацца ў розных гарадах сьвету.
Кракаў
У Кракаве адбылася акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, паведамляе ўдзельнік акцыі Аляксей. Нягледзячы на дождж, на акцыю прыйшло каля 100 чалавек – акрамя беларусаў і неабыякавыя палякі. Пратэстоўцы скандавалі «Жыве Беларусь!», на плякатах былі напісы «Я/Мы 97%» і заклікі да міліцыі стаць на бок народу, усім быў даступны адкрыты мікрафон. Арганізатары абвясьцілі аб стварэньні ў Кракаве беларускай некамэрцыйнай арганізацыі для аб'яднаньня шматлікай супольнасьці беларусаў гораду.
Бэрлін
Акцыя беларускай салідарнасьці ў Бэрліне 18 ліпеня праходзіла адначасова і пад бел-чырвона-белымі, і пад дзяржаўнымі сьцягамі.
У межах акцыі прайшла дэманстрацыя перад Мэмарыялам загінулым савецкім салдатам і шэсьце да бэрлінскай тэлевежы зь некалькімі прыпынкамі, падчас якіх былі мастацкія пэрформансы, чытаньні мастацкіх тэкстаў і прамовы. Удзельнікі акцыі напісалі пасланьне для землякоў у Беларусі на вялікім аркушы паперы.
На плякатах відаць надпісы: «Страх зьядае душу», «Верым. Можам. Пераможам», «Я ганаруся кожным беларусам, які кажа сыстэме НЕ». Удзельнікі намалявалі на сваіх процівірусных масках крыжы на месцы вуснаў, што сымбалізавала стан свабоды слова ў Беларусі.
Барсэлёна
У Барсэлёне беларусы правялі пікет салідарнасьці з суайчыньнікамі, бо ўлады не дазволілі рабіць паўмаштабны мітынг, праз новую ўспышку тут каранавірусу. Удзельнікі падпісалі паштоўкі палітвязьням, якія дашлюць у Беларусь.
Беласток
18 ліпеня ў Беластоку, у Польшчы, прайшоў чарговы мітынг салідарнасьці і супраць рэпрэсіяў у Беларусі.
Тэль-Авіў
Трэцяя па ліку акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі прайшла на плошчы Іцхака Рабіна ў Тэль-Авіве. Усяго на акцыі было каля 100 чалавек. Сярод пратэстоўцаў былі і тыя хто пабываў у СІЗА беларускага КДБ. Чытайце па спасылцы.
Кіеў
Беларускія і ўкраінскія актывісты выйшлі ў цэнтар Кіеву на акцыю салідарнасьці зь беларусамі, якія сутыкаюцца з палітычнымі рэпрэсіямі ў розных гарадах Беларусі ў часе вулічных акцый.
На Майдан Незалежнасьці прыйшлі каля паўсотні чалавек. Да грамадзян Беларусі, якія жывуць ва Ўкраіне, далучыліся і прадстаўнікі палітычных арганізацый — Народнага Руху Ўкраіны, усеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода», добраахвотніцкага руху «АЎН», руху салідарнасьці «Разам». Ужо традыцыйна на акцыю выйшлі пад бел-чырвона-белымі і дзяржаўнымі ўкраінскімі сьцягамі.
Дэнвэр
18 ліпеня ў сталіцы штата Каларада ў ЗША прайшла акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ў Беларусі і ў падтрымку дэмакратычных зьменаў. Беларусы Дэнвэру выйшлі на вуліцу з плякатамі з заклікам вызваліць беларускіх палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, а таксама плякатамі «Я/Мы 97%» і «Верым! Можам! Пераможам!» з сымбалямі кампаніі аб’яднаных штабоў Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.