Каманда КВЗ зь Менску «Дзеці Т’юрынга» адмовілася працягваць выступаць у расейскай найвышэйшай лізе 2020 году, бо чвэрцьфінал мае быць у Крыме.
Сваю адмову гумарысты з БДУ патлумачылі ў відэазвароце трыма прычынамі. Па-першае, у сьвеце ўсё яшчэ працягваецца эпідэмія каранавірусу.
Другое — гэта статус Крыму. Капітан каманды паведаміў, што Беларусь прытрымліваецца нэўтралітэту ў пытаньнях прыналежнасьці паўвыспы.
Шлях праз Расею ў Крым каманда палічыла непрымальным, а трапіць на турнір праз тэрыторыю Ўкраіны немагчыма праз пандэмію.
Трэцяя прычына — добрыя сувязі БДУ з украінскімі ВНУ, якія могуць пагоршыцца, калі каманда паедзе у Крым праз тэрыторыю Расеі.
Пры гэтым «Дзеці Т’юрынга» паведамілі, што маюць гарантыю вяртаньня ў найвышэйшую лігу КВЗ у наступным сэзоне.