17 ліпеня на 72-м годзе жыцьця ў вёсцы Селішча Аршанскага раёну памёр настаўнік, грамадзкі дзеяч, абаронца беларускай мовы і культуры Юры Нагорны.
У 1968 годзе ён быў сярод падпісантаў звароту да савецкіх функцыянэраў, каб на беларускім аддзяленьні БДУ гуманітарныя дысцыпліны выкладаліся на роднай мове. Ініцыятарам ліста былі студэнты Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Лявон Барташ.
«Мой подпіс стаіць побач з подпісамі Віктара Ярца і Колі Кірэйшына, — згадваў у адным з інтэрвію Юры Нагорны. — Мы не пасьпелі сабраць яшчэ і здаць тыя подпісы пад лістом, як выкладчык замежнай літаратуры па прозьвішчы Міцкевіч ужо назаўтра стаў чытаць нам свой прадмет па-беларуску!»
Падпісантаў звароту абвінавацілі ў нацыяналізьме і палохалі адлічэньнем, але сваіх ідэяў яны ня выракліся.
«Я ўпэўнены, што і цяпер, праз столькіх гадоў, ніхто з маіх аднакурсьнікаў, якія падпісвалі той ліст, не адрокся ні ад мовы, ні ад нашай нацыянальнай ідэі. Для мяне гонар, што я быў тады побач», — казаў Юры Нагорны.
Нарадзіўся Юры Нагорны на Наваградчыне, на хутары Мондзіна. У 5-й клясе напісаў першы верш па-беларуску. Яго апублікавала літоўская газэта. Школу скончыў з сярэбраным мэдалём.
Усё сваё жыцьцё Юры Нагорны настаўнічаў, быў дырэктарам школы ў Барані. З 1985 па 1995 год быў старшынём гарсавету ў Барані. На пасяджэньнях выступаў па-беларуску. Спрычыніўся да дэсаветызацыі назваў мясцовых вуліц. Дзякуючы яму зьявілася вуліца Радзівілаўская і пераназвалі прадпрыемства «Чырвоны кастрычнік» у «Лёс».
«Асоба Юрыя Нагорнага, бясспрэчна, легендарная і аўтарытэтная, — кажа сябра ТБМ з Воршы Ігар Казьмерчак. — Ён некалькі кадэнцыяў узначальваў Аршанскую кааліцыю дэмакратычных арганізацыяў. Суполка Таварыства беларускай мовы, якую ён ачольваў, была заўжды актыўнай. Дзякуючы ягоным намаганьням паставілі новы помнік у вёсцы Пагосьцішча Лёзьненскага раёну, прысьвечаны паўстанцам Каліноўскага. Тое, што ня стала Юрыя Аляксандравіча, гэта вялікая страта для беларускай справы».
У Барань Нагорны трапіў разам з жонкай Тамарай Іванаўнай пасьля ўнівэрсытэту. Разам зь ёю пражыў амаль 50 гадоў, выгадаваў двух сыноў. Тамара Іванаўна жыла музэйнай справаю. Стварыла два музэі і марыла трэці прысьвяціць свайму роду. Ажыцьцявіць задуманае не пасьпела. У 2017 годзе памерла, і яе задуму ажыцьцявіў муж. У вёсцы Селішчы, непадалёк ад магілы жонкі, на лецішчы стварыў музэй «Тамарына сядзіба». Яго адкрылі ў 2018 годзе.
Апошнія гады Юры Іванавіч жыў у Селішчы. Паводле нявесткі Тацяны, ён скардзіўся на болі ў сэрцы і ціск. Пахаваюць яго побач з жонкай на Селішчынскіх кладах. Пра дзень пахаваньня пакуль невядома.