Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўны вораг не рэжым, а нявера ў перамогу». Штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай далі супольную прэс-канфэрэнцыю. ВІДЭА

абноўлена

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава
Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава

Штаб кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай 17 ліпеня дае супольную прэс-канфэрэнцыю разам зь ініцыятыўнымі групамі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі.

«Жаночая салідарнасьць» супраць «няверы ў перамогу»

Прадстаўніца штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава заявіла на пачатку прэс-канфэрэнцыі, што «галоўны вораг нашай перамогі — гэта не рэжым, гэта нявера ў тое, што ў нас нешта можа атрымацца». Кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую яна назвала «галоўным героем».

Ціханоўская сказала, што аказалася ў ролі кандыдаткі ў прэзыдэнты празь каханьне да мужа, палітычнага зьняволенага Сяргея Ціханоўскага. Яна лічыць, што Ціханоўскі ў свой час аб’яднаў народ, таму і цяпер яна аб’ядналася са штабамі Бабарыкі і Цапкалы, хоць ня верыць у справядлівыя выбары — «толькі супольнымі сіламі мы можам абараніць галасы».

Вераніка Цапкала, жонка экс-прэтэндэнта ў кандыдаты Валера Цапкалы, расказала, што прычынай аб’яднаньня стала тое, што ўлады «бессаромным чынам зьнялі трох самых моцных кандыдатаў» — у іх яна залічвае ня толькі Бабарыку і Цапкалу, але і Сяргея Ціханоўскага, якому адмовілі яшчэ ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Цяпер, сказала яна, тры жанчыны дэманструюць жаночую салідарнасьць, бо «цяпер нашая ўлада баіцца жанчыны — баіцца Сьвятлану», а таксама каб адказаць на заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «канстытуцыю не пад жанчыну». Сяргей Ціханоўскі, кажа Цапкала, закладнік у гэтай сытуацыі. Ейны муж Валер Цапкала, які не прысутнічаў на канфэрэнцыі, будзе актыўна ўдзельнічаць у кампаніі Ціханоўскай, дадала яна.

Дзьмітрыеў падтрымаў

Паводле Калесьнікавай, іншы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў ужо падтрымаў ініцыятыву аб’яднаньня штабоў. Будуць радыя і іншым, хто падтрымае ініцыятыву, пры ўмове выкананьня пяці асноўных прынцыпаў кампаніі, дадала Ціханоўская.

Гаворка не ідзе пра здыманьне кандыдатаў з выбараў, а пра аб’яднаньне высілкаў, дадала Цапкала.

Штабы аб’ядналіся не ў адзін, патлумачыла Калесьнікава, а маюць «гарызантальную герархію» і зоны адказнасьці, вырашаюць пытаньні ў працоўных групах.

Які плян

Днём раней штабы Бабарыкі і Цапкалы абвясьцілі аб’яднаньне сілаў са штабам Ціханоўскай і назвалі пяць супольных мэтаў:

  • заклікаць выбарнікаў прагаласаваць на выбарах 9 жніўня;
  • вызваліць палітычных зьняволеных і «эканамічных зьняволеных», даць ім права на перагляд спраў у незалежных і справядлівых судах;
  • правесьці паўторныя справядлівыя выбары пасьля 9 жніўня;
  • інфармаваць выбарнікаў пра спосабы абараніць свой голас;
  • заклікаць удзельнічаць у ініцыятывах за справядлівыя выбары, станавіцца назіральнікамі.

Галасаваць на выбарах 9 жніўня аб’яднаная каманда заклікае за Ціханоўскую.

На абнаўленьне кандыдацкай праграмы Ціханоўскай яшчэ спатрэбіцца час — да аб’яднаньня штабоў праграма ў кожнага была свая.

Кожны выбарчы ўчастак хочуць забясьпечыць дастатковай колькасьцю назіральнікаў, дадала Ціханоўская. Чальцоў выбарчых камісіяў будуць заклікаць не фальсыфікаваць выбары. Калесьнікава дадала, што важны пункт абароны выбараў — «каб беларускае грамадзтва адчула сваю грамадзянскую пазыцыю і права». Калі будзе электаральная бальшыня ў тры з паловай мільёны, сфальсыфікаваць выбары будзе немагчыма, дадала яна.

Ад грамадзянаў паступае шмат ідэяў па тым, як абараніць галасы на выбарах, дадала Ціханоўская. Неўзабаве штабы Бабарыкі і Цапкалы плянуюць правесьці «хакатон», на якім ахвочыя змогуць прадставіць рашэньні па тым, як можна зрабіць выбары легітымнымі.

Як аб’ядналіся

Калесьнікава расказала, як адбылося аб’яднаньне штабоў: 16 ліпеня зранку штаб Бабарыкі запрасіў Ціханоўскую і Цапкалу для абмеркаваньня далейшых дзеяньняў, спачатку раіліся цэлымі камандамі, пасьля вырашылі паразмаўляць утрох — за 15 хвілінаў прынялі рашэньне і напісалі пяць пунктаў праграмы. Так хутка атрымалася, бо ўсе тры каманды маюць адну мэту, кажа Калесьнікава. Цапкала дадала, што гэтым паказалі, як хутка жанчыны могуць дамовіцца, у адрозьненьне ад мужчынаў.

Зьняволены Віктар Бабарыка ведаў, што такое аб’яднаньне можа быць: яшчэ раней у штабе дамаўляліся, што калі не рэгіструюць іхнага кандыдата, пачынаюць шукаць іншыя варыянты, пры якіх можна законнымі чынамі дасягнуць перамогі.

Супольны здымак, які стаў мэмам у байнэце, выйшаў «зусім спантанна», расказала Ціханоўская. У кожнай ёсьць свой спосаб вітаньня, але яны не дамаўляліся загадзя, што разам пакажуць свае знакі — «сэрцайка», кулак і «вікторыю».

Пасьля аб’яднаньня новых спробаў ціску ці ўплыву не было, адказалі ўсе тры ўдзельніцы канфэрэнцыі.

Што з вулічнымі акцыямі

У ліку дазволеных месцаў для агітацыі няма прамысловых прадпрыемстваў кшталту заводу МАЗ, адзначыла Калесьнікава. Ціханоўская ж заявіла, што каманда ўпэўненая ў падтрымцы рабочых заводаў, бо яны — «просты народ, як і мы з вамі, таксама хочуць зьмены ўлады».

Калесьнікава адзначыла наконт вулічных акцыяў: кожны грамадзянін вольны сам вырашаць, як дзейнічаць, але каманда нацэленая на тое, каб цягам трох наступных тыдняў да выбараў «актывізаваць людзей на выражэньне грамадзянскай пазыцыі». Заклікаць на канкрэтныя вулічныя акцыі не зьбіраюцца.

Цапкала дадала, што каманда хацела б прыйсьці на МАЗ ці МТЗ, але ня мае таго адміністрацыйнага рэсурсу, які маюць улады. Яна згадала «ланцугі салідарнасьці» і роварныя заезды, сыгналы машынаў — гэта паказвае, што грамадзтва гатовае да зьменаў, мяркуе яна.

Агітацыя ж будзе праводзіцца «вельмі шчыльна», паабяцала Ціханоўская. Пікеты плянуюць і ў сталіцы, і ў абласных гарадах, а мо і ў раённых цэнтрах.

Што з судамі і скаргамі

Штабы Бабарыкі і Цапкалы не спыняюць спробаў абскардзіць адмовы ў рэгістрацыі, але, як сказала Вераніка Цапкала, «ня маюць ілюзіяў» адносна рашэньняў судоў, бо «ў нашай краіне і ЦВК, і Вярхоўны суд, і судовая сыстэма падпарадкоўваюцца адному чалавеку». У суды зьвяртаюцца, каб атрымаць «нармальную экспэртызу па подпісах» і каб назваць «імёны ўсіх людзей, якія ўдзельнічаюць у фальсыфікацыях». Таксама звароты ў беларускія суды, у тым ліку Вярхоўны суд, стануць «пляцоўкай для зваротаў у міжнародныя суды».

Калесьнікава дадала, што сёньня яны ўтрох з Цапкалай і Ціханоўскай пойдуць падаваць скаргу і на сюжэты дзяржаўнай тэлевізіі супраць Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскага, дзе расказваюць пра расьсьледаваньні, у якіх не было суду і выраку. Гэта адзіны шлях, празь які Бабарыка, Цапкала і Ціханоўскі зьяўляліся на дзяржаўнай ТВ, дадала яна.

Сьпіс давераных асобаў Ціханоўскай абновяць

Раней зь ліку давераных асобаў Ціханоўскай выйшлі актывісты «Эўрапейскай Беларусі» (чаму яны сышлі, Ціханоўскай не агучылі, сказала яна), а прадстаўнікоў штабоў Бабарыкі і Цапкалы ў сьпіс яшчэ не дадалі. Ціханоўская сказала, што сьпіс будзе абнаўляцца, у яго будуць уключаць людзей з разьлікам на максымальнае пакрыцьцё рэгіёнаў.

Неабходнасьці, каб Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава былі ў гэтым сьпісе, няма, але яны гатовыя ўвайсьці ў лік давераных асобаў, калі спатрэбіцца.

Ціханоўская «ад страху пакуль не пазбавілася»

На пытаньне аб эмоцыях ад аб’яднаньня і хады кампаніі Ціханоўская сказала, што мае зьмяшаныя пачуцьці: упэўненая, што аб’яднаньне пойдзе на карысьць, але «пакуль не пазбавілася ад страху», бо перажывае за зьняволенага мужа. Яна бачыць, што людзі «на ўздыме, падымаюцца з канапаў».

«Калі я была б адна, магчыма, сілаў бы і не хапіла, — адказала Ціханоўская на пытаньне аб настроі ісьці да канца. — Але цяпер адчуваю падтрымку мілых дамаў і іхных штабоў. Іх аб’яднаньне з нашым штабам надае мне моцы, і я спадзяюся, што я спраўлюся, бо я жанчына слабая. І мы дойдзем да перамогі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG