Аб гэтым Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня на сустрэчы з актывам Віцебскай вобласьці, піша БелТА.
«Мы сваю краіну будзем бараніць усімі законнымі мэтадамі. Сваю краіну мы нікому не аддамо», — сказаў Лукашэнка. Ён гэта паўтарае не ўпершыню.
Аляксандар Лукашэнка 15 ліпеня езьдзіць па Віцебскай вобласьці. У аблвыканкаме ён сустракаецца з так званым актывам рэгіёну, чыноўнікамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў. Раней падобныя сустрэчы прайшлі ў Магілёве, Горадні, Салігорску, Берасьці, Менску.
Тое, што «краіну яны не атрымаюць», Лукашэнка ўжо заяўляў 4 ліпеня, калі палохаў падзелам Беларусі.
«Мы не дазволім ім падзяліць краіну, як гэта было ў 39-м годзе! — казаў Лукашэнка. — Прыгадайце: там былі „сьвядомыя“, „незалежныя“, ваявалі за незалежнасьць, пад Менскам была мяжа заходняя, ведаеце, дзе была гэтая частка». Пры гэтым у 1939 годзе адбылося ўзьяднаньне Заходняй і Ўсходняй Беларусі, а не падзел.
«Мы гэтую краіну нікому не аддамо, каб зь яе зьдзекаваліся, каб яе дэстабілізавалі кожны дзень, парвалі на шматкі і камусьці аддалі», – папярэджваў ён.
Сёньня Лукашэнка адзначыў падвойныя стандарты Захаду ў падыходах да Беларусі. «Яны ўжо нам пачынаюць намякаць: вы глядзіце, каб усё было дэмакратычна, каб на вуліцы не было сутыкненьняў», – абурыўся ён.
У сувязі з гэтым ён згадаў аб дэманстрацыях «жоўтых камізэлек» у Францыі і хваляваньнях у ЗША. «Бачыце, што там адбываецца. Там безь сьлезацечнага газу не абыходзіцца. Пакрытыкуйце Трампа, ЗША за адсутнасьць дэмакратыі. На Расею паспрабуйце наехаць. Пабойваюцца. І вось яны, напэўна, вырашылі зноў патрэніравацца на Беларусі. Не атрымаецца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Хочаце назіраць за выбарамі – калі ласка, заўтра прыяжджайце. Мы ня супраць. Мы не хаваемся. Але нам паказваць пальцам, як жыць, ня трэба. Мы ведаем як жыць», – падкрэсьліў ён.