Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Цапкалы патлумачыла «памылку» ў дэклярацыі, якая стала адной з прычынаў нерэгістрацыі мужа


Вераніка і Валер Цапкалы, архіўнае фота
Вераніка і Валер Цапкалы, архіўнае фота

Жонка экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы Вераніка ў сябе ў Facebook патлумачыла «памылку» ў дэклярацыі, якую ЦВК палічыў адной з прычын для нерэгістрацыі Цапкалы кандыдатам у прэзыдэнты.

Акрамя наяўнасьці менш 100 тысяч сапраўдных подпісаў, праверка ЦВК паказала, што жонка Валера Цапкалы не пазначыла, што мае ва ўласнасьці акцыі «Прыёрбанку». У ЦВК гэта назвалі «істотнай неадпаведнасьцю» патрабаваньням да дакумэнтаў кандыдата. Акрамя таго, на пасяджэньні ЦВК была агучана ня тая лічба гадавога даходу Веранікі Цапкалы, якую яна падала ў дэклярацыі.

«ЦВК ня толькі падроблівае дакумэнты і забракоўвае подпісы грамадзян Беларусі, але і падае інфармацыю ў скажоным выглядзе! Сёньня я яшчэ раз была шакаваная нашай выбарчай сыстэмай!» — напісала Вераніка Цапкала.

Што тычыцца дэклярацыі, Вераніка Цапкала патлумачыла, што падала ў ЦВК рэальна атрыманую на рукі заработную плату за пэрыяд з 1 студзеня да 31 сьнежня 2019 году, пасьля выплаты ўсіх падаткаў і збораў.

«Аднак у ходзе пасяджэньня ЦВК я пачула іншую лічбу свайго даходу за 2019 год. Пасьля вывучэньня гэтага пытаньня я зразумела, што ЦВК агучыў лічбу да выплаты падаткаў і збораў, а таксама ўключыў у даход, так званы «натуральны даход», да якога належыць спажываньне офісным работнікам гарбаты, кавы, вады, канцылярскіх тавараў! Аказваецца, ручка, якой мы пішам у офісе, і гарбата, якую пʼем — гэта наш даход! Да якога варʼяцтва мы дайшлі ў гэтай краіне?» — задаецца рытарычным пытаньнем Цапкала.

Акцыі ў «Прыёрбанку» жонка экс-прэтэндэнта атрымала ў спадчыну пасьля сьмерці мамы ў 2001 годзе. І, як яна прызнаецца, забылася пра іх існаваньне, бо налічэньні па гэтых акцыях складаюць каля 30 рублёў за год. Напрыклад, за ўвесь 2019 год ёй налічылі 32 рублі 99 капеек у якасьці дывідэндаў.

«Ніводнага апавяшчэньня банка я ні разу не атрымлівала за ўвесь час! Ну сумленна скажыце, вы б успомнілі, што ў лютым 2019 году вам налічылі 32 рублі 99 капеек? Так, прызнаюся, я ня ўспомніла! Усе падаткі былі выплачаныя своечасова, у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», — адзначае Цапкала.

Яна таксама панаракала, што ў нашай краіне няма адзінай электроннай базы, дзе можна паглядзець маёмасьць, каштоўныя паперы, уклады ў адным месцы. Пры неабходнасьці прадʼяўленьня дэклярацыі аб даходах усе павінны бегаць па розных інстанцыях, сутаргава ўспамінаць: «Ці ўсё я задэкляраваў? Нічога не ўтаіў?»

«У нашых грамадзян за ўсе гэтыя гады разьвілося пачуцьцё пастаяннай віны і страху: „Раптам я нешта не падаў?“ Менавіта такімі нас зрабіў гэты рэжым. Мы заўсёды ва ўсім вінаватыя! Толькі мы!» — абураецца Вераніка Цапкала.

Яна адзначае, што нават калі дапусьціць, што ў дэклярацыі была памылка, то яна склала 16% замест дапушчальных 20%.

«Навошта паўтараць і «ўбіваць» у галовы выбарнікаў думку, што гэта была адной з памылак, якая прывяла да нерэгістрацыі? Я працую ў адной кампаніі апошніх 10 гадоў, мне няма чаго хаваць або ўтойваць! У мяне адна крыніца даходаў (ня лічачы 33 рублёў ад акцый за 2019 г.)! Паважаны ЦВК! Замест таго, каб дапамагаць і накіроўваць грамадзян, прасіць тлумачэньняў, растлумачваць выбарчы працэс, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах, вы «топіце», судзіце, вешаеце абвінавачаньні і прысуды проста на пасяджэньні ЦВК! Праўда, ня ўсім, а толькі абраным, гэта трэба прызнаць. Мне сорамна, што мы жывём у такой краіне!» — рэзюмавала Вераніка Цапкала.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG