Людзі ў многіх гарадах Беларусі выйшлі на вуліцы вечарам 14 ліпеня пасьля нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Адбыліся масавыя затрыманьні, у тым ліку журналістаў. Па стане на раніцу 15 ліпеня вядома пра вызваленьне амаль усіх.
Вядома пра наступныя затрыманьні журналістаў:
- Алесь Пілецкі, жураліст Радыё Свабода, выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС Менску а 22:54;
- Андрэй Рабчык, журналіст Радыё Свабода, выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС Менску а 22:54;
- Міхаіл Ільін, журналіст «Эўрарадыё», пазьней выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС Менску;
- Арцём Маёраў, журналіст «Эўрарадыё», пазьней выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС Менску;
- Эндзі Смайт, апэратар BBC, затрымалі ў Менску, пазьней адпусьцілі;
- Аляксей Суднікаў, журналіст Tut.by, затрымалі ў Менску двойчы за вечар, вызвалілі ўночы;
- Усевалад Зарубін, журналіст Tut.by, затрымалі ў Менску, вызвалілі ўночы;
- Арцём Лява, журналіст «Белсату», затрымалі ў Менску, вызвалілі зранку,
- Кацярына Андрэева, журналістка «Белсату», затрымалі ў Менску, вызвалілі, склалі пратакол за «несанкцыяванае мерапрыемства»;
- Ігар Ільляш, журналіст, затрымалі падчас пошукаў затрыманай жонкі, адвезьлі ў РУУС Савецкага раёну, пазьней вызвалілі;
- Марына Драбышэўская, журналістка «Моцных навінаў», затрымалі ў Гомлі, пазьней адпусьцілі;
- Надзея Пужынская, журналістка «Моцных навінаў», затрымалі ў Гомлі, пазьней адпусьцілі;
- Юры Глушакоў, журналіст «Моцных навінаў», затрымалі ў Гомлі, вызвалілі, склалі пратакол за «несанкцыяванае мерапрыемства»;
- Даніла Палянскі, журналіст «Першага рэгіёну», затрымалі ў Берасьці, на раніцу ня вызвалілі, будуць судзіць.
Таксама быў затрыманы, ноччу вызвалены блогер Анатоль Чылік, на якога падпісаныя 67 тысяч чалавек у Twitter і 146 тысяч «УКантакце».
Вядома, што агулам за 14 ліпеня толькі ў Менску затрымалі каля дзьвюх сотняў чалавек, затрыманьні адбываліся і ў шэрагу іншых гарадоў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.