Клюб The Washington Redskins, які выступае ў амэрыканскай Нацыянальнай футбольнай лізе (NFL), абвясьціў аб зьмене назвы і лягатыпу, расказвае «Настоящее время».
Напярэдадні амэрыканскія мэдыя пісалі, што ўладальнік каманды Дэн Снайдэр мерыцца адправіць гэтую назву «на спачын» і разам з трэнэрам актыўна ўдзельнічае ў выбары новага лягатыпу ды імя клюбу. Снайдэр раней заяўляў, што ніколі не памяняе назву каманды, але цяпер на яго паўплываў штораз большы ціск спонсараў і праваабарончых арганізацыяў. Многія лічаць, што гэтая назва абражае індзейцаў.
Кіраўніцтва клюбу вырашыла перагледзець назву пасьля таго, як пра гэта папрасілі вядомыя спонсары каманды — FedEx, Nike, PepsiCo і Bank of America. Стадыён у Лэндовэры, штат Мэрылэнд, носіць імя кампаніі FedEx, а яе кіраўнік Фэдэрык Сьміт — мінарытарны ўладальнік клюбу. Nike і іншыя кампаніі забралі адзеньне зь лягатыпамі каманды з сваіх інтэрнэт-крамаў.
Больш за дзясятак лідэраў і арганізацыяў карэнных амэрыканцаў у лісьце да кіраўніка NFL Роджэра Гудэла запатрабавалі спыніць ужываньне слова Redskins («чырванаскурыя») вашынгтонскай камандай.
Хваля антырасізму ў ЗША пачалася пасьля сьмерці афраамэрыканца Джорджа Флойда падчас затрыманьня яго супрацоўнікамі паліцыі. Гібель мужчыны стала прычынаю масавых пратэстаў у ЗША з патрабаваньнямі правасудзьдзя і рэформы паліцыі, а таксама супраць расізму і за сацыяльную справядлівасьць. Між іншым, на гэтым фоне відэаплятформа HBO Max паведаміла, што з прычыны расавага пытаньня прыбірае з доступу фільм «Зьнесеныя ветрам».