Мадэратару сацыяльных сетак «Страны для жизни», грамадзяніну Расеі Дзьмітрыю Папову, якога затрымалі пад Мазыром, таксама прад’явілі абвінавачаньне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Ён ужо 19-ы абвінавачаны па гэтым артыкуле за апошні час, паведамляе «Вясна».
Цяпер Дзьмітры Папоў у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У адным са сваіх лістоў Дзьмітры паведаміў, што ў яго пагоршыўся стан здароўя — ад стрэсу вярнуліся праблемы з сэрцам.
Згодна з абвінавачаньнем, Папоў, дзейнічаючы па папярэдняй змове зь іншымі фігурантамі справы, «пад фармальным повадам збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую арганізаваў групавыя дзеяньні ў выглядзе незаконнага грамадзка-масавага мерапрыемства — мітынгу, які парушае грамадзкі парадак».
Дзьмітры Папоў зьнік увечары 4 чэрвеня. Да гэтага ён запісаў відэа, у якім расказвае, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць у межах крымінальнай справы. Толькі празь некалькі дзён стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак арышту і перавезьлі ў Менск у ізалятар часовага ўтрыманьня. Адтуль перавялі ў СІЗА-1, дзе ён і дагэтуль.
Па зьвестках праваабаронцаў, Папоў — 19-ы затрыманы па гэтай крымінальнай справе. 17 з гэтага ліку застаюцца пад вартай.
- Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі,
- Уладзімер Няронскі,
- Сяргей Пятрухін,
- Аляксандар Кабанаў,
- Уладзімер Цыгановіч,
- Зьміцер Казлоў,
- Ігар Лосік.
- Затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні па так званай «справе Ціханоўскага» Зьміцер Фурманаў,
- Вяргілій Ушак,
- Арцём Сакаў,
- Аляксандар Арановіч,
- Яўген Разьнічэнка,
- Уладзімер Кніга,
- Андрэй Новікаў,
- а таксама палітык Мікалай Статкевіч,
- актывіст Сяргей Спарыш,
- Дзьмітры Папоў
Яшчэ двух фігурантаў справы — Васіля Баброўскага і Ўладзімера Навуміка — 9 ліпеня вызвалілі зь СІЗА, зьмяніўшы меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.