Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўца, які выйшаў на адзіночны пратэст 3 ліпеня, падманам завезьлі ў суд і асудзілі


Глеб Будкоў (у цэнтры) у судзе, 6 ліпеня 2020 году
Глеб Будкоў (у цэнтры) у судзе, 6 ліпеня 2020 году

26-гадоваму магілёўцу Глебу Будкову, які 3 ліпеня выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам на пляц перад гарвыканкамам, прысудзілі 5 сутак адміністрацыйнага арышту, але пакінулі на волі. Палову зь іх ён адбыў у ізалятары да суду. Глеба прызналі вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікету (2 ч. артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях).

6 ліпеня судзьдзя Ленінскага суду Вікторыя Палякова накіравала справу на дапрацоўку ў Ленінскі раённы аддзел міліцыі. Як паведаміў Свабодзе Глеб Будкоў, 8 ліпеня яго папрасілі зайсьці туды, нібыта каб пазнаёміцца з матэрыяламі справы. А там склалі новы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і завезьлі на суд.

«Мяне падманам завезьлі ў суд і асудзілі, — лічыць ён. — Судзьдзя не зьвяртала ўвагі на мае словы, што мяне даставілі зь міліцыі супраць маёй волі і, можна сказаць, гвалтам, але дала 15 хвілін пазнаёміцца з матэрыяламі справы ды пакарала 5 суткамі арышту. Цяпер я, выходзіць, на кручку. Буду заўжды напагатове, каб уключыць тэлефон, калі будуць затрымліваць».

Глеб Будкоў, калі яго затрымалі 3 ліпеня, расказаў у міліцыі, што зь бел-чырвона-белым сьцягам выйшаў у цэнтар гораду, каб зьвярнуць увагу на правы «цёмнаскурых грамадзян Беларусі». Гэта зафіксавана ў матэрыялах справы.

У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Глеб прызнаўся, што «злукавіў міліцыянтам», а насамрэч са «сьцягам сваёй краіны» выйшаў, каб выказаць незадаволенасьць тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

Пра праведзеныя «суткі» ў ізалятары кажа, што ўразіўся тамтэйшым харчаваньнем, якое «горшае, чым у войску». Яму не хапала вады. Тую, што цячэ з крана, піць было немагчыма. А гарбату, кампот ды кісель давалі са сьняданкам і ў абед. Перадачаў яму не насілі, бо родныя і сябры ня ведалі, дзе ён. Па ягоных словах, міліцыянты абяцалі паінфармаваць родзічаў, але гэтага не зрабілі.

Спаць мусіў на старых і мулкіх матрацах, таму не высыпаўся. Двое з паловай сутак зьняволеньня сядзеў у камэры адзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG