Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны: Мы вернем усіх нашых людзей і тэрыторыі


Украіна верне пад свой кантроль усе непадкантрольныя цяпер тэрыторыі і людзей, якія там жывуць — гэтак жа, як у свой час вярнула з палону ўкраінскіх маракоў і іх караблі.

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, выступаючы 5 ліпеня ў Адэсе на ўрачыстасьцях з нагоды дня вайскова-марскога флёту Ўкраіны.

Зяленскі нагадаў, што 5 ліпеня — шостая гадавіна пераходу гарадоў Славянск і Краматорск у Данецкай вобласьці пад кантроль украінскіх сілаў. У ноч на 5 ліпеня 2014 са Славянску сышлі падразьдзяленьні сэпаратыстаў, якіх падтрымлівала Расея, і якімі камандаваў грамадзянін РФ, былы палкоўнік ФСБ Ігар Стралкоў (Гіркін).

Гаворачы пра караблі, Зяленскі меў на ўвазе тры караблі ВМФ Украіны, затрыманыя расейскімі памежнікамі ў лістападзе 2018 году каля анэксаванага Крыму, і іх экіпаж. Маракі вярнуліся на радзіму летась пасьля абмену паміж Украінай і Расеяй, пазьней Расея вярнула караблі.

«Мы вернем усіх нашых людзей, вернем усе нашы тэрыторыі. Вернем веру ў праўду і справядлівасьць. Мы вернем мірную, непадзельную, магутную і непераможную Ўкраіну» — сказаў Зяленскі.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль і міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў у гэтую гадавіну наведалі Славянск з амбасадарамі некаторых эўрапейскіх краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG