Аляксандар Сьпірыдонаў, валянтэр ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, адседзеў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 49-гадовага муляра 22 чэрвеня асудзілі за заклікі гараджан у тэлеграм-канале «Могилёв для жизни» далучацца да ланцуга салідарнасьці і актыўны ўдзел у ім.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Адразу па вызваленьні ў інтэрвію Свабодзе Аляксандар Сьпірыдонаў заявіў: «Адседзеў, што народ у Магілёве ўзьняў». Паводле ягоных словаў, так яму сказалі, калі затрымлівалі. У чаце ж ён паведамляў пра тое, што адбывалася ў цэнтры гораду, дзе магілёўцы ўтварылі «ланцуг салідарнасьці».
Аляксандар кажа, што прыйшоў на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай дапамагчы, бо яму спадабалася, «як выступаў яе муж і гэта супадала з тым, пра што сам думаў і ведаў». Прапаноўваў калегам і знаёмцам падпісвацца за вылучэнку на прэзыдэнта і некаторыя прыслухаліся.
Аляксандар робіць мулярам у адной з будаўнічых арганізацыяў Магілёва. Паводле яго «сярод працоўных шмат тых хто «яшчэ верыць Лукашэнку і такіх, як ён пакуль адзінкі».
«Яны так разважаюць, — адзначае Аляксандар, — улада памяняецца, але яны застануцца працаваць на будоўлі і для іх мала, што зьменіцца, як рабілі за капейкі гэтак і працягнуць. але ён хоча пераменаў».
Усе пятнаццаць сутак Аляксандар Сьпірыдонаў сядзеў у камэры адзін. Чытаў кнігі з турэмнай бібліятэкі і займаўся спортам.
На ўмовы ўтрыманьня не наракае. Ён спадзяецца, што на працы ў яго праз пакараньне за «палітыку» спагнаньняў ня будзе. Каля ізалятару на волі яго сустракалі чальцы ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, праваабаронцы і мясцовыя палітыкі.
- «Ланцуг салідарнасьці» адбыўся 19 чэрвеня на Першамайскай вуліцы ў цэнтры Магілёва. На яго прыйшлі больш за сто чалавек. Акцыя працягвалася больш за гадзіну, пакуль яе не разагналі амапаўцы. Аляксандра Сьпірыдонава затрымалі ў яе разгар і да суду трое сутак трымалі ў ізалятары.
- У судзе супраць яго сьведчылі двое амапаўцаў, якія яго затрымлівалі, Мікалай Екамюк і Ільля Баранаў. Абодва даводзілі, што іх ўвагу ён прыцягнуў тым, што хадзіў уздоўж ланцуга людзей і здымаў іх на тэлефон.
- Разглядала справу Сьпірыдова судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Алена Літвіна. У сваім выраку яна пастанавіла, што абвінавачаны парушыў 2-ю частку артыкулу 23.34 «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў» і пакарала 15 суткамі арышту.