Намесьнік старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Руслан Стэфанчук абвясьціў аб стварэньні міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь».
«Кіраўнік аб’яднаньня — Аляксей Ганчарэнка», — удакладніў віцэ-сьпікер украінскага парлямэнту.
Паводле папярэдняй інфармацыі, у яе склад увайшлі дэпутаты фракцый Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць», «Голас», групы «За будучыню» і пазафракцыйныя дэпутаты.
Аляксей Ганчарэнка прадстаўляе фракцыю Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць». Дэпутаты гэтай фракцыі складаюць аснову аб’яднаньня. Гэта Мікола Княжыцкі, Ірына Фрыз (колішняя прэс-сакратарка Пятра Парашэнкі), Андрэй Парубій (колішні сьпікер парлямэнту), Сьцяпан Кубіў (колішні першы віце-прэм’ер, міністар эканомікі Ўкраіны), Ахтэм Чыйгоз (чалец Мэджылісу крымскататарскага народу, былы вязень Крамля). Пятра Парашэнкі ў складзе аб’яднаньня няма.
Для ажыцьцяўленьня супрацы з замежнымі парлямэнтамі ў Вярхоўнай Радзе ствараюцца дэпутацкія групы або камісіі. Але ў цяперашнім складзе дагэтуль такая група ці камісія не сфармаваныя.
Згодна з украінскім заканадаўствам, міжфракцыйнае аб’яднаньне не ўпаўнаважана афіцыйна прадстаўляць парлямэнт Украіны. Дзейнасьць такой групы забясьпечваюць самі дэпутаты, у той час, як міжпарлямэнцкай групы ці камісіі — апарат Вярхоўнай Рады. Міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне таксама ня мае правоў дэпутацкай фракцыі.