Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў заявіў, што пад выглядам перадвыбарных мерапрыемстваў ладзяцца правакацыі


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ўладзімер Андрэйчанка
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ўладзімер Андрэйчанка

Пад выглядам перадвыбарных акцый у Беларусі ладзяцца адкрытыя правакацыі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Пра гэта на закрыцьці другой сэсіі Палаты прадстаўнікоў заявіў яе старшыня Уладзімер Андрэйчанка, перадае БелТА.

Андрэйчанка выказаў занепакоенасьць з нагоды таго, што «выкарыстоўваюцца брудныя паліттэхналёгіі, ідзе масіраваная інфармацыйная атака на кіраўніцтва краіны, прыхільнікаў дзейнай улады».

«Гэта, вядома, недапушчальна», — сказаў Уладзімер Андрэйчанка.

«На жаль, у Беларусі пэўныя сілы кожны раз спрабуюць выкарыстаць выбарчую кампанію не на карысьць краіны, а каб разгайдаць сацыяльна-палітычную сытуацыю. Цяперашнія выбары не выключэньне. Мы бачым спробы, якія падтрымліваюцца звонку, пасеяць раскол у грамадзтве, выклікаць народу недавер да ўлады, спэкулюючы на тэме пандэміі і зьвязаных зь ёй эканамічных цяжкасьцях», — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў і заклікаў дэпутатаў прыкласьці максымум намаганьняў, каб выбары прайшлі сумленна, адкрыта, у спакойнай, бясьпечнай абстаноўцы і ў строгай адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG