Пасьля дэмантажу помніка савецкаму маршалу Івану Коневу ў Празе ў красавіку сёлета гэты камандзір Чырвонай Арміі часоў Другой сусьветнай вайны ў вялікай колькасьці вярнуўся ў сталіцу Чэхіі.
У Празе ў рамках штогадовага фэстывалю вулічных скульптур чэскія мастакі Томаш Уранаў, Марціна Павэлкава і Вацлаў Мінаржык усталявалі 12 паменшаных копіяў дэмантаванага раней помніка савецкаму маршалу Івану Коневу. Яны размаляваны ў стылі, напрыклад, супэргерояў Бэтмэна і Супэрмэна, а таксама Джокера і нават Адольфа Гітлера.
Адносіны паміж Прагай і Масквой пагоршыліся ў апошнія месяцы на фоне таго, што чэхі заўважаюць што раз большую агрэсіўнасьць Расеі ў яе спробах навязаць сваю інтэрпрэтацыю гісторыі.
У цэнтры спрэчкі быў дэмантаж ў адным з раёнаў Прагі помніка Коневу, войска якога 9 траўня 1945 году скончыла вызваленьне сталіцы тагачаснай Чэхаславаччыны. Гарадзкія ўлады заявілі, што помнік будзе перанесены ў музэй, а на яго месцы паўстане новы помнік, які ўшануе вызваленьне гораду.
Расея гнеўна адрэагавала на гэты крок, і напружаньне яшчэ больш узрасло пасьля таго, як чэскія СМІ паведамілі, што Масква плянавала атруціць трох праскіх палітыкаў у адплату за падтрымку крокаў, якія раздражнялі Расію, у тым ліку дэмантажу статуі Конева. Паводле чэскіх чыноўнікаў, абвінавачаньні ў змове пазьней аказаліся містыфікацыяй і вынікам «унутранага канфлікту» ў расейскай амбасадзе.