У апошнія дні ў сеціве зьявілася некалькі ініцыятываў па дапамозе пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі. Тым, хто праз свае палітычныя перакананьні страціў працу або сам хоча сысьці, каб не выконваць «злачынныя загады», прапануюць дапамогу ў перакваліфікацыі і атрыманьні новай прафэсіі.
CEO кампаніі Humatheq Дзьмітры Чарнаморац тыдзень таму апублікаваў у Facebook анонс бясплатных навучальных курсаў у ягонай бізнэс-школе пацярпелым ад рэпрэсій: тым, хто страціў працу ці патрапіў у СІЗА, а таксама стаў ахвярай гвалту, абараняючы сваю грамадзянскую пазыцыю. Ён прапануе магчымасьць бясплатна навучацца на любой з праграм бізнэс-школ Humatheq і Apply Logistic Group, незалежна ад кошту і працягласьці абранай праграмы.
Пост атрымаў 170 камэнтароў, у тым ліку прапановы аб дапамозе: камэнтатары прапануюць таксама правесьці заняткі па 3D мадэляваньні і візуалізацыі прадметаў i збудаваньняў, па продажах і маркетынгу, па бізнэс-аналізе пры распрацоўцы ПА. Таксама карыстальнікі гатовыя дапамагчы з кансультацыямі па пошуку працы і складаньнем рэзюмэ.
IT-распрацоўнік і выкладчык Раман Кашанок прапануе бясплатна навучаць Java тых, хто «сутыкнуўся з рэпрэсіямі».
«Многія людзі пацярпелі толькі праз тое, што адстойвалі свой пункт гледжаньня, які адрозьніваецца ад пазыцыі дзейнай улады. Усім, хто так ці інакш сутыкнуўся з рэпрэсіямі — страціў працу ці зразумеў, што не гатовы заставацца ў бягучай прафэсіі і пры гэтым здраджваць сваім перакананьням, — я прапаную далучыцца да вывучэньня новай прафэсіі ў сфэры IT», — напісаў Раман 24 чэрвеня ў Фэйсбуку.
Ён прапанаваў бясплатныя онлайн заняткі па Java (з нуля, у адпаведнасьці з базавым курсам it-школ) і заклікаў калег з ІТ-сфэры і спэцыялістаў зь любых іншых сфэр падтрымаць ягоную ініцыятыву і далучацца да яе. Запіс на курс вядзецца ў групе ў Telegram. За 4 дні ў яе дадаліся ўжо 945 чалавек.
А днямі ў сеціве зьявілася агульная ініцыятыва ByChange па дапамозе ў працаўладкаваньні жыхарам Беларусі, якія «апынуліся ў няпростай сытуацыі з прычыны сваіх сумленных учынкаў або перакананьняў». Яна аб’яднала валянтэраў з самых розных галін IT-сфэры і ня толькі, якія хочуць дапамагчы.
«Калі вы працуеце ў сілавых органах і адмаўляецеся выконваць заведама злачынны загад, калі вы сябра выбарчай камісіі і хочаце сумленна палічыць галасы, калі вы лекар і кажаце праўду пра сытуацыю, калі вы работнік адукацыі і ня хочаце заганяць студэнтаў на датэрміновае, калі вы судзьдзя і хочаце жыць па сумленьні — вам усім неабходная падтрымка і дапамога.
Калі вы, вярнуўшыся на працу пасьля 15 сутак, альбо зь СІЗА, альбо пасьля адміністрацыйнага штрафу, выяўляеце, што працы ў вас няма — вам тым больш патрэбна падтрымка. Для такіх мэтаў камандай валянтэраў запускаецца ініцыятыва ByChange», — распавёў пра ініцыятыву блогер Эдуард Пальчыс.
Да кожнага пацярпелага абяцаюць «індывідуальны падыход», а пры неабходнасьці — асабістага мэнтара, які дапаможа на першым этапе засваеньня новых ведаў.
Пацярпелым прапануюць запоўніць наступную форму, а тым, хто гатовы дапамагчы з працаўладкаваньнем пацярпелых, форму тут.