Відэа з разгонам ганцавіцкага пратэсту пабачылі па ўсёй Беларусі. Свабода зьезьдзіла ў палескае мястэчка і даведалася на месцы, што там адбываецца пасьля гэтага.
20 чэрвеня на цэнтральную плошчу Ганцавічаў выйшлі каля 40 чалавек. Яны не рабілі ніякіх дзеяньняў і ня мелі сьцягоў ці лёзунгаў, але ў выніку 10 зь іх былі арыштаваныя і асуджаныя. У тым ліку — два журналісты мясцовага незалежнага выданьня «Ганцавіцкі час», якія вялі стрым з акцыі. Удзельнікі, сьведкі і проста жыхары райцэнтру расказваюць, як усё гэта было і што робіцца ў Ганцавічах цяпер.
«Усе абураныя, я па вуліцы не магу прайсьці»
«У мяне сына забралі, — расказвае былая выкладчыца расейскай мовы Лідзія Дулік. — Ехаў з працы і ўбачыў знаёмага. Спыніўся паразмаўляць. Каля 21 гадзіны гэта было, сын у Любашаве працуе, рамантуе аўтамабілі. Да яго нехта падышоў, сказаў, што тут нельга стаяць, каб ён сыходзіў. Сын не зразумеў: як так тут нельга стаяць? Тады пяць чалавек пайшло на майго сына, міліцыянэры. Пачалі яго зьбіваць. Усе пяцёра наваліліся, лупасілі з усіх бакоў. Кайданкі надзелі».
Пра ўсё гэта, як і пра затрыманьне сына, пэнсіянэрка даведалася празь некалькі гадзін пасьля падзей дзякуючы «птушынаму радыё». Ганцавічы — горад невялікі. Нехта пабачыў на відэа затрыманьне і патэлефанаваў Лідзіі. Тая адразу ж пабегла да РУУС. Там даведалася, што ў спакойных Ганцавічах вечарам у суботу 20 чэрвеня адбыўся сапраўдны масавы «хапун».
«Прыбегла ў аддзел міліцыі даведацца, што здарылася, — расказвае Лідзія Дулік. — За што затрымалі майго сына? Там я ўжо даведалася, што журналістаў затрымалі, іншых людзей. Там ужо пад РУУС сабраліся родныя, чалавек 30 нас там было. Прасілі пусьціць нас туды, патлумачыць нешта. Але ніхто нічога не гаварыў. Як так, мы ж людзі? Скажыце, што здарылася? Сын у мяне вольналюбівы такі, але на плошчу ён не выходзіў, выпадкова праяжджаў там. Шмат хто гэта бачыў».
Лідзія расказвае, што пакуль яна была каля міліцэйскага будынку, туды некалькі разоў прыяжджалі «хуткія». Родныя затрыманых стаялі там да 2 гадзіны ночы. Ад мэдыкаў жанчына даведалася, што ў сына пабітая пераносіца, баляць галава, бок.
Празь дзень, у панядзелак 22 чэрвеня Лідзія Дулік ад 8 раніцы да самага вечара дзяжурыла каля будынку раённага суду, але сына так і не пабачыла. Пазьней даведалася, што судзілі яго ў Баранавічах. Пратаколы склалі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і за непадпарадкаваньне міліцыі. Да судовага рашэньня не дайшло, Ігара Дуліка ў баранавіцкую лякарню хуткая забрала проста з залі суду.
«Я пайшла на прыём да Ўладзімера Бялова, старшыні райвыканкаму, — працягвае Лідзія Дулік. — Кажу яму — ладна мітынгавалі там нейкія людзі. Вы давайце вазьміце і адсячыце іх ад іншых. Бялоў мне і кажа — зьбіраецца народ, мы ж ня ведаем, што ў іх у кішэнях. Што яны там маюць. Магчыма, яны бандыты? Трое чалавек стаялі, коратка пастрыжаныя. Можа, яны некага зарэжуць. Я доўга зь Бяловым размаўляла. Ён пры мне званіў Куляшову (начальніку РУУС. — РС). Той сказаў, што заняты. У РУУС мяне да Куляшова не пусьцілі. Цяпер ужо што мне зь ім гаварыць, што ён мне скажа?»
Па словах жанчыны, якая мае знаёмствы і сярод мясцовых чыноўнікаў, і сярод міліцыянтаў, пры ранейшым кіраўніку РУУС у Ганцавічах усё было іначай. Новы міліцэйскі кіраўнік Віталь Куляшоў зьявіўся ў горадзе напрыканцы 2019 году. У суботу 20 чэрвеня ён ня толькі актыўна ўдзельнічаў у затрыманьнях на галоўнай плошчы, але і сам даваў паказаньні ў судзе.
Пэнсіянэрка прызнаецца, што цяпер баіцца хадзіць па плошчы. Кажа, што сама ня пойдзе на пратэст, ужо ўзрост не дазваляе. Але нічога дрэннага ня бачыць у тым, што на вуліцу выйшла моладзь. Па словах жанчыны, у Ганцавічах падзеямі 20 чэрвеня ўсе абураюцца.
«Усе абураныя, я па вуліцы не магу прайсьці, каб нехта не запытаў пра сына, — кажа Лідзія. — Усе ж карыстаюцца інтэрнэтам, абураюцца дзеяньнямі міліцыі. Ніхто іх не апраўдвае. Такой нагласьці і бандытызму я не чакала ад іх. Як так можна, за 5 хвілін зьбіць чалавека. Яшчэ і артыкул зараз прышыюць».
«Мяне асабіста Куляшоў затрымліваў, кіраўнік РУУС»
Сярод затрыманых у цэнтры Ганцавічаў была памочніца выхавацелькі дзіцячага садку № 5 Вікторыя Бецька. Яны з мужам выхоўваюць дваіх непаўналетніх дзяцей. Гэта не ўратавала яе ад дзьвюх начэй у пастарунку і ад суду.
«Мы з мужам у той вечар выйшлі прайсьціся, — расказвае Вікторыя Буцько. — Гэта ж не забаронена яшчэ. Муж на спатканьне запрасіў, можна сказаць. Кавы папіць. Вырашылі пастаяць на плошчы. Ніякіх лёзунгаў не выкрыквалі, плякатаў ніхто ня меў. Недзе паўтары гадзіны мы там былі. А потым пачалося.
Я ў шоку ад таго, што пабачыла. Нейкія баявыя дзеяньні. У мяне двое непаўналетніх дзяцей, і яны (міліцыя. — РС) затрымліваюць. Прасіла адпусьціць мяне ўжо ў машыне, не адпусьцілі. А затрымалі мяне, бо я заступілася за хлопца, якога цягнулі ў міліцэйскі аўтамабіль. Не прадставіліся, не патлумачылі нічога. 10 чалавек усяго нас забралі».
Трымалі Вікторыю за кратамі паўтара дня. Жанчына кажа, што першы раз у жыцьці трапіла ў пастарунак. Расказвае, што ў будынку РУУС гвалту ўжо не было. Міліцыянты толькі папракалі: маўляў, куды вы лезеце?
«Суд у панядзелак толькі адбыўся, родным не сказалі, у колькі ён будзе, — працягвае сваю гісторыю Вікторыя. — Падтрымкі не было. Прасіла дазволіць пазваніць — таксама нельга. У судзе я не змагла нават відэа паказаць, запіс з плошчы. Хвілін 40 мяне судзілі. Сьведкі — супрацоўнікі міліцыі. Усе мясцовыя, нашы.
Мяне асабіста Куляшоў затрымліваў, кіраўнік РУУС. Я яго ведала раней, зьвярталася па пытаньнях. У судзе сказалі міліцыянты, што я гучна крычала, хапалася за форму. Але гэтага не было нічога, усё добра відаць на відэа. Штраф 4 базавыя ў выніку. Самае страшнае, што ўсе ў Ганцавічах адзін аднаго ведаюць. Рудэнка, які сьведчыў супраць мяне ў судзе, жыве на суседняй вуліцы. Як я зараз яго сустрэну ў горадзе? Ня ведаю. Але гэта ім сорамна павінна быць, а ня нам».
Па словах Вікторыі, усе яе суседзі ўжо ў курсе падзей. Рэагуюць пазытыўна. Пачалі вітацца нават тыя, хто раней ніколі не вітаўся. А родная цётка сказала, што цяпер ганарыцца ёй.
«Я буду па Ганцавічах і далей прагульвацца, буду дыхаць паветрам, — дадае выхавацелька. — Зараз паспрабую скаргу напісаць. Такая несправядлівасьць. Як гэта — нельга на вуліцу выйсьці?»
«Тут усе за Бабарыку і за Ціханоўскую»
Аляксандар Пазьняк працуе ў незалежным выданьні «Ганцавіцкі час». Наклад газэты — 3300 асобнікаў. У дзяржаўнай раёнкі — крыху больш за дзьве тысячы. Аляксандар водзіць нас па цэнтры гораду, у яго пад вокам «фінгал». Гэта рэшткі блізкага знаёмства зь дзеяньнямі ганцавіцкай міліцыі. Яшчэ ёсьць штраф 810 рублёў. Апэратару «Ганцавіцкага часу» Сяргею Багрову пашанцавала менш — яму далі 15 сутак арышту.
«Мы ня першы раз стрымілі з гораду, — расказвае Аляксандар. — Ужо рабілі стрымы і зь пікета Ціханоўскай, і Бабарыкі. Усё нармальна было. Людзі глядзяць. Здаецца, яны нават дзякуючы нашым стрымам зразумелі, што можна выказвацца, мяняць нешта з дапамогай сваіх думак. Стрымы ў Ганцавічах глядзяць ад 2 да 4 тысяч чалавек звычайна. Міліцыянты ніколі не перашкаджалі нам, не падыходзілі нават да нас».
У Ганцавічах жыве каля 14 тысяч чалавек, агулам у раёне — каля 30 тысяч. Як расказвае Аляксандар, зь некалькіх дзясяткаў актыўных прадпрыемстваў засталося літаральна два. Людзі шукаюць працы ці ў суседніх Баранавічах, ці ў Расеі і Польшчы. Шмат хто падаўся ў дальнабойшчыкі. Настроеныя людзі ў Ганцавічах да ўлады крытычна. Але ў суботу на плошчы было спачатку ўсяго 15–20 чалавек. Калі прайшоў дождж, іх стала больш, але таксама нязначна, каля 40. Час ад часу прысутныя пляскалі ў ладкі, машыны сыгналілі.
«Прычын некалькі было, — тлумачыць Аляксандар, чаму людзі вырашылі выйсьці на плошчу да райвыканкаму. — Людзі хацелі салідарнасьць сваю выказаць з затрыманымі ў Беларусі. У пятніцу былі затрыманьні ў Менску. Ганцавічы вырашылі зрабіць сваю акцыю ў знак салідарнасьці. Але там былі і людзі, якія проста пілі гарбату, шпацыравалі зь дзецьмі. Там усё было мірна, утульна. А потым пачаліся затрыманьні. Хвілін 20–25 усё гэта працягвалася. Напачатку супрацоўнікі міліцыі самі ня ведалі, што рабіць. Але потым дзейнічалі актыўна і жорстка».
Аляксандар Пазьняк ужо зьняў пабоі. Як і іншыя затрыманыя, ён зьбіраецца падаваць скаргу на дзеяньні міліцыянтаў. Журналіст таксама расказвае, што ў горадзе падзеі суботы 20 чэрвеня выклікалі вялікі рэзананс.
«У Ганцавічах шмат людзей падтрымліваюць Сьвятлану Ціханоўскую і Віктара Бабарыку, — кажа Аляксандар. — За Ціханоўскую за вечар сабралі 267 подпісаў за тры гадзіны. За Бабарыку 340 подпісаў за два вечары сабралі. У чатах абмяркоўваюць усе падзеі. Я магу сказаць, што ў Ганцавічах мала хто за дзейнага кіраўніка дзяржавы выступае. Ёсьць такія людзі, але яны жывуць у раёне збольшага. У дробных вёсках. Цяпер у ганцавіцкіх чатах публікуюць фатаздымкі тых міліцыянэраў, якія затрымлівалі людзей у суботу, іх адрасы нават, нумары тэлефонаў. Іх жонкі павыдалялі свае акаўнты ў сацсетках. Зразумейце, тут усе адзін аднаго ведаюць. Як будуць цяпер тут жыць міліцыянты? Ня ведаю. Думаю, частцы зь іх усё адно. Яны як зомбі, выконваюць любы загад. Нехта хоча дацягнуць да пэнсіі, нехта яшчэ малады, яшчэ не разумее, што робіць».
Аляксандар дадае, што па горадзе ўжо папаўзьлі чуткі пра адказ гараджан на жорсткія дзеяньні міліцыянтаў. Аднаму зь іх нібыта ля дзьвярэй кватэры пакінулі кучу экскрэмэнтаў. А на слупах ля дому расклеілі партрэты зь непрыгожым подпісам. Пацьвердзіць праўдзівасьць гэтай інфармацыі не ўдалося.
«Нельга сказаць, што ўся міліцыя такая»
Ігару Дуліку 45 гадоў, гэта яго маці расказвала нам пра сваю сустрэчу з кіраўніком гарвыканкаму пасьля падзей суботы 20 чэрвеня. Ігар — адзіны з затрыманых на плошчы ў Ганцавічах, каго не асудзілі. Але не праз лагоднасьць праваахоўнікаў. Ігару Дуліку стала дрэнна проста падчас судовага паседжаньня, цяпер ён ляжыць у Ганцавіцкай лякарні. Судзіць Ігара будуць, як толькі ён выпішацца.
«Страсеньне мазгоў, удар мяккіх тканак, — расказвае Ігар пра свой дыягназ. — Нешта з ныркай яшчэ, кроў у мачы была, але пакуль незразумела, лячэньне ідзе. Што там урач скажа, я ня ў курсе. Тут я два дні, колькі буду яшчэ, таксама ня ведаю. Як выпішуся, будзе суд. Мне проста ў залі стала дрэнна. Судзьдзя сказала, што разгляд трэба спыняць. З суду мяне ў траўмапункт у Баранавічах адвезьлі. Яны мяне там хацелі лячыць, але я папрасіў у Ганцавічах, тут родныя ўсё ж, дом. Учора ўвечары сьледчы прыходзіў з СК, маёр Галуза. Сказаў, што яму з Баранавічаў паведамілі, што я зьбіты. Я яму ўсё расказаў, прапанаваў відэа майго затрыманьня. Ён адказаў, што пакуль ня трэба. Што відэа і ў сацсетках дастаткова».
Па словах Ігара, сьледчы запісаў зь яго словаў усё, нічога не хаваў. Крымінальная справа пакуль ня ўзбуджаная, ідзе праверка. Ігар кажа, што ў суд абавязкова будзе зьвяртацца.
«Я зь міліцыяй ня першы раз сутыкаюся. Але з такім бязладзьдзем — упершыню. Гэта ўсё нават мяне жахнула, гэта для мяне была вельмі вялікая дзікасьць. Я раней зь міліцыяй сутыкаўся па розных справах, і па крымінальных, і па адміністратыўных. Але такога ніколі не было. Каб вось так на роўным месцы — такога ніколі не было. У мяне шмат у міліцыі знаёмых. Яны расказваюць, што на гэтыя затрыманьні ў суботу спрабавалі сабраць усіх. Адклікалі з адпачынкаў, з „адсыпных“. Некаторыя змаглі адмазацца. Сказалі, што ня маюць магчымасьці дабрацца да аддзелу. Адзін міліцыянт сказаў мне, што памаліўся Богу за тое, што ня быў на гэтых затрыманьнях. Нельга сказаць, што ўся міліцыя такая, як на тых відэа. Шмат хто зь іх зашуганыя кіраўніцтвам».
Ігар паказвае нам свае сінякі. Кажа, што цела дагэтуль баліць. І дадае, што калі б насамрэч хацеў выйсьці на плошчу, то ўзяў бы з сабой сяброў. Такіх, каго проста так скруціць у міліцыянтаў бы не атрымалася.
«Людзі ў шоку ў Ганцавічах, — гаворыць наш суразмоўца. — Гэтыя падзеі зьменяць стаўленьне да міліцыі. Тут жа ўсе адзін аднаго ведаюць. У твар таксама. Ніхто не чакаў, што такое здарыцца. Там жа не было ніякага зборышча, я сам усё бачыў. Куча міліцэйскіх машын, міліцыі, крыху людзей. А потым пачалі журналістаў затрымліваць. Я ў шоку быў. У судзе супраць мяне паказаньні даваў сам начальнік РУУС Куляшоў. Я ў шоку быў. Сказаў, што я выйшаў з аўтамабіля і стаў на чале калёны. На відэа бачна, што не было ніякай калёны. Толькі тое, што мяне пачалі ламаць і лупіць. Трымалі на зямлі, прыціснуўшы каленам. Не было машыны, куды мяне пагрузіць».
Кіраўнік аддзелу ідэалягічнай працы ганцавіцкага райвыканкаму Віктар Супрун спачатку пагадзіўся паразмаўляць са Свабодай пра падзеі 20 чэрвеня. Аднак у прызначаны час на сустрэчу не прыйшоў, на працоўным месцы яго таксама не было.