Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Беларускі партызан» адбылася DDoS-атака, рэдакцыя зьвярнулася ў МУС. «Наша ніва» аднавіла працу


Скрыншот галоўнай старонкі сайта «Беларускі партызан» 25 чэрвеня
Скрыншот галоўнай старонкі сайта «Беларускі партызан» 25 чэрвеня

Рэдакцыя сайту «Беларускі партызан» была вымушаная зьвярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з прычыны DDoS-атакі на сайт у апошнія дні, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Як сказалі ў «Партызане», атака пачалася яшчэ на мінулым тыдні. Спачатку сайт атакавалі з замежных IP-адрасоў, а пазьней — зь беларускіх. Каб спыніць напад, «Беларускі партызан» вымушаны быў зьмяніць IP-адрас, а ўладальніца дамэннага імя Сьвятлана Калінкіна афіцыйна зьвярнулася з заявай у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з просьбай спыніць незаконныя дзеяньні супраць рэсурсу.

Паводле інфармацыі Калінкінай, Упраўленьне раскрыцьця злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій правяло праверку па заяве, але вынік яе пакуль невядомы.

Раней пра DDoS-атаку на сайт 24 чэрвеня паведаміла «Радыё Рацыя». Цягам дня падчас спробы зайсьці на інфармацыйны рэсурс Racyja.com у браўзэры зьяўлялася паведамленьне «error 521». Гэтая памылка ўзьнікае, калі вэб-сэрвэр раптоўна губляе сувязь з сэрвісам CloudFlare. Шматлікія інтэрнэт-рэсурсы выкарыстоўваюць гэты сэрвіс для дадатковай абароны ад DDoS-атак і хутчэйшага ладаваньня зьместу сваіх сайтаў. 25 чэрвеня працу сайта аднавілі.

У ноч на 25 чэрвеня перастаў адкрывацца вэб-сайт выданьня «Наша ніва». Некаторыя карыстальнікі казалі, што сайт адкрываецца толькі праз апэратара МТС у Беларусі. За межамі краіны сайт таксама недасяжны. Тым часам на старонцы дамэнных зонаў .by і .бел паведамляецца, што дамэн nn.by «недасяжны для рэгістрацыі» і «будзе рэалізаваны праз дабрачынны аўкцыён».

Пазьней выданьне паведаміла ў Instagram, што «часова страціла» дамэн nn.by, але спрабуе разабрацца ў прычынах. Падрабязьней абяцаюць паведаміць, калі «будзе поўнае разуменьне сытуацыі».

26 чэрвеня «Наша Ніва» аднавіла працу на новым дамэне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG