У Кіеве каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне ўкраінскія і беларускія актывісты правялі акцыю салідарнасьці. Яны заклікалі беларускую ўладу вызваліць усіх палітвязьняў, затрыманых у часе збору подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта.
«Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе амаль з майго нараджэньня. Ён садзіў апанэнтаў, калі я яшчэ ня мог размаўляць. Ён перасьледаваў мірных пратэстоўцаў, калі я рабіў у школе хатнія заданьні. Ён забараняў выходзіць на пратэсты, калі я пісаў курсавыя. Ён перасьледаваў праваабаронцаў, калі я ўладкаваўся на першую працу.
Але апошняя дыктатура Эўропы — ня вечная. Яе штурмуюць свабодныя беларусы і беларускі. Шмат хто зь іх ня ўмеў размаўляць, калі Лукашэнка ўжо быў пры ўладзе. Але цяпер ім ёсьць што сказаць», — тлумачыць адзін з арганізатараў акцыі, украінскі грамадзкі актывіст Сяргей Зайчанка.
Арганізатары акцыі перакананыя, што ўкраінцы ня могуць заставацца пасіўнымі назіральнікамі за падзеямі ў Беларусі:
«Згадваючы Міхася Жызьнеўскага, які загінуў у часе акцыяў пратэсту ў Кіеве, а таксама беларускіх добраахвотнікаў, якія ахвяравалі сваім жыцьцём, змагаючыся за незалежнасьць Украіны і абараняючы нашыя каштоўнасьці, мы становімся побач зь беларускім народам і заклікаем да справядлівасьці, выкананьня законаў і нормаў міжнароднага права. Наша мэта — паказаць, што беларусы не адзінокія ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасьці».
Удзельнікі акцыі прыйшлі да беларускай амбасады з украінскімі дзяржаўнымі і бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі з надпісамі: «Жыве Беларусь!», «За сумленныя выбары», «Свабоду палітвязьням». Да агароджы дыпляматычнай установы ўдзельнікі акцыі прынесьлі яшчэ і старыя тапкі.
Да ўкраінцаў далучыліся і прадстаўнікі беларускага руху салідарнасьці «Разам». «Я вельмі ўдзячны, што ўкраінцы сабраліся на такую акцыю салідарнасьці. Удзячны, што было шмат людзей. Гэта яшчэ раз пацьвердзіла, што беларускі і ўкраінскі народы братнія, і ўкраінцы перажываюць за беларусаў, хочуць, каб выбары адбыліся сумленна», — сказаў Свабодзе адзін зь лідэраў руху Вячаслаў Сіўчык.
Удзельнікі акцыі заклікалі кіраўніцтва Беларусі вызваліць палітвязьняў, спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю, правесьці дэмакратычныя выбары з удзелам міжнародных назіральнікаў і не перашкаджаць журналістам выконваць іх прафэсійныя абавязкі.