З 1 ліпеня стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі зьніжаецца з 8% да 7,75% гадавых, паведамляе БелТА. Гэта новы гістарычны мінімум і найніжэйшы ўзровень за час незалежнасьці Беларусі.
Разам апусьціцца стаўка крэдыту овэрнайт — з 9% да 8,75%, а таксама дэпазыту овэрнайт — з 7% да 6,75%. Нацыянальны банк прыняў адпаведнае рашэньне ў выніку дадатковага пасяджэньня на тэму грашова-крэдытнай палітыкі 22 чэрвеня.
«Інфляцыя запавольваецца хутчэй, чым чакалася. У траўні прырост спажывецкіх цэн у гадавым вымярэньні склаў 4,9% пры 5,4% у красавіку. Гадавая базавая інфляцыя запаволілася да 3,9% (4,5% у красавіку 2020 году)», — адзначылі ў Нацыянальным банку.
Да таго ж хутчэйшымі тэмпамі запавольваюцца інфляцыйныя працэсы ў краінах — гандлёвых партнэрах Беларусі, замежныя банкі актыўна зьніжаюць свае ключавыя стаўкі, дадае Нацбанк.
19 чэрвеня зьнізіць стаўку рэфінансаваньня запатрабаваў Аляксандар Лукашэнка: маўляў, «усе краіны яе актыўна зьніжаюць, спрабуючы ажывіць сваю эканоміку», ды і «індэкс спажывецкіх цэн у нас у парамэтрах прагнозу».
З пачатку 2020 году стаўку рэфінансаваньня зьніжалі ў Беларусі ўжо двойчы — з 19 лютага і 20 траўня.