Беларусы, якія жывуць і працуюць ва Ўкраіне, 19 чэрвеня пікетавалі амбасаду Беларусі ў Кіеве, абураныя затрыманьнямі актывістаў і чальцоў ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Як паведаміла Свабодзе адна з ініцыятарак акцыі Юлія Камінская, якая жыве ва Ўкраіне чатыры гады і працуе крэатыўным дырэктарам кіеўскага агенцтва Plombir Event Company, сабрацца вырашылі спантанна. Апошняй кропляй стала затрыманьне Віктара Бабарыкі і ягонага сына.
«Учора, назіраючы за тым, што адбываецца на радзіме — я ўпэўненая, што кожны з нас глядзеў стрым (з акцыі салідарнасьці. — РС) і перажываў усёй душой, — захацелася зрабіць нешта падобнае тут, у Кіеве, каб выказаць салідарнасьць, каб заявіць аб гэтай сваволі, каб нас пачулі і пабачылі», — сказала Свабодзе Юлія Камінская.
Паводле яе, аб правядзеньні акцыі былі паінфармаваныя гарадзкія ўлады. «Мы сабраліся з выкананьнем усіх карантынных нормаў, у масках, прытрымліваліся сацыяльнай дыстанцыі... Сабраліся зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А я адмыслова надзела цішотку з выявай арыштаванай «Евы».
«Нас было няшмат, але мы не зьбіраемся на гэтым спыняцца. У кожнага з нас, напэўна, свой кандыдат, але мы гэтага не абмяркоўвалі. Затрыманьне Бабарыкі стала апошняй кропляй растаптанай веры. Мы плянуем падтрымліваць нашых землякоў, мы ведаем, што менавіта цяпер адбываецца ў Менску, мы ведаем, колькі цяпер там затрыманьняў... Так не павінна быць, і досыць маўчаць! Мы з вамі!», — дадала Юлія Камінская.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.