Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па ўсёй Беларусі затрымліваюць журналістаў, якія асьвятлялі «ланцугі салідарнасьці»

абноўлена

Затрыманьне журналісткі Свабоды Аляксандры Дынько
Затрыманьне журналісткі Свабоды Аляксандры Дынько

У розных гарадах Беларусі людзі выйшлі на вуліцы ў падтрымку зьняволеных падчас сёлетняй выбарчай кампаніі: патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых палітыкаў і актывістаў. Падчас «ланцугоў салідарнасьці» затрымалі журналістаў беларускіх і замежных выданьняў.

Каго затрымалі?

  1. Журналістку Радыё Свабода Аляксандру Дынько, вызвалілі з РАУС а 21:53;
  2. Апэратара Радыё Свабода Андрэя Рабчыка, выпусьцілі зь міліцыі а 22:06;
  3. Журналіста Reuters Уладзімера Косьціна, выпусьцілі з Савецкага РУУС Менску;
  4. Журналістку «Белсату» Ірыну Арахоўскую, выпусьцілі з Савецкага РУУС Менску;
  5. Затрымалі журналіста Аляксандра Сабалеўскага, які быў у жывым эфіры магілёўскага YouTube-канала 6TV, выпусьцілі зь міліцыі а 22:15;
  6. Затрымалі карэспандэнтку Tut.by Анжаліку Васілеўскую, яе адпусьцілі зь Ленінскага РАУС Магілёва а 21:30;
  7. У Менску затрымалі журналістку «Эўрарадыё» Марыю Вайтовіч, выпусьцілі а 23:15;
  8. Журналіста «Эўрарадыё» Арцёма Маёрава, выпусьцілі а 23:15;
  9. Фатографа Tut.by Вадзіма Заміроўскага;
  10. У Бабруйску затрымалі журналістаў Сяржука і Алесю Лацінскіх;
  11. У Менску затрымалі журналістку Анастасію Занько.

Раней намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў казаў, што журналістаў затрымліваць ня будуць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG