Паводле дадзеных на 19 чэрвеня, за содні ў Расеі афіцыйна зарэгістравалі яшчэ 7 972 новыя выпадкі COVID-19, паведамляе апэратыўны штаб. Агульная колькасьць тых, хто заразіўся з пачатку пандэміі, перавысіла ў гэтай краіне 569 тысяч.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Больш за ўсё хворых за содні выявілі ў Маскве — 1136, Маскоўскай вобласьці — 646, Ханты-Мансійскай акрузе — 259, Сьвярдлоўскай вобласьці — 254, Санкт-Пецярбургу — 228, Ніжагародзкай вобласьці — 219 і Варонескай вобласьці — 203.
За апошнія содні зафіксаваны 181 сьмяротны выпадак. Колькасьць ахвяраў каранавірусу ў Расеі, паводле афіцыйных зьвестак, — 7 841. За содні паправіліся 10 443 чалавекі, агульная колькасьць ачунялых — 324 406 чалавек.
У Кітаі за мінулыя содні выявілі 37 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам, паведамілі ўлады. Зь іх 25 выпадкаў зафіксавалі ў Пэкіне. Сьмяротных вынікаў няма.
Новы выбух COVID-19 у Кітаі зьвязваюць з буйным пэкінскім рынкам Сіньфадзі. У раёне Фэнтай, дзе знаходзіцца рынак, уведзены «рэжым ваеннага часу», у мікрараёнах паблізу рынку дзейнічаюць жорсткія карантынныя захады. Улады Пэкіну абмежавалі аўтамабільныя зносіны паміж сталіцай і іншымі кітайскімі гарадамі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ