Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў прыняты Кангрэсам закон, які прадугледжвае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць кітайскіх службовых асобаў, што маюць дачыненьне да перасьледу ўйгураў і іншых мусульманаў — жыхароў Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну Кітаю.
Дакумэнт завецца «Закон аб палітыцы ў сфэры правоў чалавека ў дачыненьні да ўйгураў». Як гаворыцца ў паведамленьні Белага дому, ён асуджае грубыя парушэньні правоў асобных мусульманскіх меншасьцяў у Сіньцьзяне і ўключае ў сябе асаблівыя паўнамоцтвы ў накладаньні санкцыяў на канкрэтных асобаў.
У заяве Дональд Трамп адзначае, што сярод парушэньняў правоў чалавека — у першую чаргу зьмяшчэньне ўйгураў у спэцыяльныя лягеры, дзе іх паддаюць ідэалягічнай апрацоўцы і прымушаюць працаваць з канчатковай мэтай выкараніць ідэнтычнасьць і рэлігійныя перакананьні.
Закон прадугледжвае, што амэрыканскія спэцслужбы будуць рэгулярна інфармаваць Кангрэс пра сытуацыю ўйгураў у Кітаі. Прэзыдэнт цягам 120 дзён павінен атрымаць прозьвішчы кітайскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да перасьледу ўйгураў. Супраць іх увядуць санкцыі ў адпаведнасьці з Глябальным законам Магніцкага. У тэксьце наўпрост згаданы лідэр Камуністычнай партыі Кітаю ў Сіньцьзяне Чэнь Цюаньго.
Законапраект распрацавалі яшчэ летась, яго прыняцьце супала з новым абвастрэньнем адносінаў ЗША і Кітаю на фоне пандэміі каранавірусу.