Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паслухаць сьпевы птушак і казку ад Лявона і Яны Вольскіх. Беларускае жыцьцё онлайн 15–21 чэрвеня


Нягледзячы на цудоўнае надвор’е і адкрыцьцё ўсялякіх офлайнавых мерапрыемстваў, усё ж лепш застацца дома. А каб вы не сумавалі, мы сабралі для вас самыя цікавыя онлайн-актыўнасьці на тыдзень з 15 па 21 чэрвеня.

«Літаратары на карантыне»

У праекце Радыё Свабода на працягу бліжэйшых месяцаў можна паслухаць і паглядзець чытаньні ад вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў і перакладчыкаў. На гэтым тыдні для вас чытаюць:

  • 16 траўня, 19:00 — магілёўскі пісьменьнік і лекар Васіль Аўраменка прачытае вершы зь нядаўна выдадзенай кнігі «Кругі і колы».
  • 18 траўня, 19:00 — гарадзенскі літаратар Сяргей Астраўцоў чытае фрагмэнт свайго «антырыцарскага» раману «Багуславія».
  • 20 траўня, 19:00 — паэт Андрэй Хадановіч, сьвежы ляўрэат прэміі Натальлі Арсеньневай, чытае свае вершы для дзяцей.
  • 21 траўня, 19:00 Сяргей Дубавец чытае і камэнтуе свой пераклад кнігі Станіслава Шумскага «Ў бітвах і вязьніцах». Гэта трэці фрагмэнт сэрыі, якая зьяўляецца на каналах Свабоды па нядзелях. У ім — пра страшныя падзеі пад Таруцінам, дзе ў агульным хаосе зьнікла на вачах вялікая армія.

Усе чытаньні праходзяць на нашым YouTube-канале «Падкасты Свабоды».

Падзівіцца на «Нальшанскія сустрэчы» і прайсьці квэст

Лошыцкая сядзіба запрашае пагуляць па віртуальнай выставе жывапісу і графікі, дзе прадстаўленыя творы Віктара Барабанцава і Віктара Нямцова, Алеся Сушы, Анатоля Бяляўскага, Віктара Мікіты, Галіны Бяганскай, Кастуся Качана, Тацяны Ласкі і Эдуарда Мацюшонка.

Адзін з экспанатаў віртуальнай выставы:

«Выстава ўяўляе сабой мастацкае падарожжа па Віліі, якая натхняе сваёй прыгажосьцю і таямнічасьцю, насычана гістарычнымі помнікамі. Перад вачыма паўстаюць маляўнічыя краявіды і квітнеючыя сады, старажытныя млыны і бровары, капліца Сьвятога Францішка і іншыя прыцягальныя мясьціны», — значыцца ў апісаньні.

Пасьля прагляду экспазыцыі можна прайсьці квэст.

Вандроўкі па Літаратурным музэі

Музэй гісторыі беларускай літаратуры працягвае знаёміць з Кушлянамі — «месцам сілы» Францішка Багушэвіча.

А яшчэ прапануюць паслухаць выступ рок-музыкі і кампазытара Рамана Арлова зь песьнямі пра паўстаньне 1863–1864 году.

Онлайн-спэктакль ад Свабоднага тэатру

Сцэна са спэктаклю «Школа для дурняў»
Сцэна са спэктаклю «Школа для дурняў»

Беларускі Свабодны тэатар запрашае на онлайн-спэктакль «Школа для дураков» паводле аднайменнага раману Сашы Сакалова. Рэжысэр — Павал Гарадніцкі.

Каб атрымаць доступ да трансьляцыі, трэба зарэгістравацца праз гугл-форму. Пры гэтым трэба быць падпісчыкам YouTube-каналу Беларускага Свабоднага тэатру. Пасьля спэктакля адбудзецца грамадзкая дыскусія «Вопыт стварэньня онлайн-спэктакля».

Падрабязнасьці пра спэктакль можаце прачытаць у гэтым матэрыяле:

Казкі ў выкананьні Лявона і Яны Вольскіх

Швэдзкая амбасада працягвае новыя выпускі ў цыкле «Швэдзкія казкі беларускім дзеткам». У чарговым відэа можна пачуць казку Юі Вісьляндэр «Мама Му будуе дамок».

Лекцыя пра польскае кіно

Польскі інстытут у Менску прапануе да прагляду лекцыю пра 60-ты Кракаўскі кінафэстываль, у якой кінакрытык Антон Сідарэнка раскажа пра сёлетнія дакумэнтальныя стужкі, фільмы беларускіх рэжысэраў, а таксама паразважае пра гісторыю і сучаснасьць аднаго з самых буйных фэстываляў Эўропы.

Лекцыя даступная на старонцы Польскага інстытуту ў Менску.

Пазнаць гісторыю беларускага броварства

«Адкрытыя лекцыі ў часе пандэміі» ад Цэнтру гарадзкога жыцьця падрыхтавалі чарговы выпуск.

«Якім было беларускае піва 200 год таму? Як, хто, дзе і колькі варыў піва на беларускіх землях? Як зьнікла традыцыйная культура беларускага піваварэньня?

Гісторык Алесь Радзюк распавядае пра піва як абавязковы элемэнт беларускай кухні і рытуальны прадукт жыхароў беларускіх земляў», — гаворыцца ў апісаньні.

«Бураціна супраць Рабакопа»

Асьветніцкі праект «Адкрыты лекторый» правядзе лекцыю ў падтрымку кнігі пра беларускае дзіцячае кіно «Дзіцячы сэанс».

«Аднойчы Бураціна сутыкнуўся з Рабакопам — і прайграў. Гэта здарылася ў 1980-я, калі савецкае дзіцячае кіно загінула пад ціскам відэа. Па тэлебачаньні мы глядзелі „Прыгоды Бураціна“, а па „відзіку“ — „Рабакопа“. І ведаеце што — у іх аказалася шмат агульнага. Пра гэта і пра тое, як дзіцячыя фільмы вучылі нас палітыцы, эканоміцы і стаўленьню да жыцьця — і чаму мы вучыліся самі, калі глядзелі зусім іншыя фільмы», — значыцца ў апісаньні падзеі.

Лектарка — аўтарка кнігі «Дзіцячы сэанс» Марыя Касьцюковіч, кіназнаўца, сцэнарыстка, кандыдат мастацтвазнаўства, навуковая супрацоўніца НАН Беларусі.

Падзея пройдзе на плятформе Zoom 16 чэрвеня, а 19-й гадзіне. Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца тут.

Паглядзець фільм-опэру пра Скарыну

БТ адкрыў да прагляду фільм-опэру Дзьмітрыя Смольскага «Францыск Скарына» 1990 году. Фільм складаецца зь дзьвюх частак.

Слухаць сьпевы птушак онлайн

Для тых, хто ніяк ня можа ўцячы з гораду на прыроду, — спэцыяльны праект ад «Аховы птушак Бацькаўшчыны», дзякуючы якому можна штодня слухаць цудоўныя сьпевы разнастайных птушак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG