У пэўных штатах ЗША, у тым ліку ў Флорыдзе і Тэхасе, зарэгістраваныя рэкордныя паказьнікі захворваньня і шпіталізацыі ў сувязі з каранавірусам, расказвае «Голас Амэрыкі». Раней прэзыдэнт Дональд Трамп заплянаваў правесьці кампанію ў Талсе, штат Аклагома.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Для Алабамы нядзеля стала чацьвертым днём запар, калі дзяржаўныя службоўцы паведамлялі аб рэкорднай колькасьці новых выпадкаў.
Паводле Reuters, за апошнія тры дні зарэгістраваная рэкордная колькасьць новых выпадкаў на Алясцы, у Арызоне, Арканзасе, Каліфорніі, Флорыдзе, Паўночнай Караліне, Аклагоме і Паўднёвай Караліне.
Многія чыноўнікі аховы здароўя зьвязваюць усплёск зь сьвяткаваньнямі Дня памяці ў канцы траўня.
У суботу зарэгістравалі больш за 25 000 новых выпадкаў ува ўсёй краіне. Гэта найвышэйшы паказьнік для суботы пачынаючы з 2 траўня, але часткова рост вынікае з пашырэньня тэставаньня за апошнія шэсьць тыдняў.
Аднак асабліва трывожна тое, што ў многіх з гэтых штатаў таксама фіксуецца рэкордная колькасьць шпіталізацыяў, не зьвязаная з шырэйшым тэставаньнем.
У шпіталі ў Арканзасе, Паўночнай Караліне, Тэхасе і Юце ў суботу паклалі рэкордную колькасьць пацыентаў.
Губэрнатар Нью-Ёрку Эндру Куома папярэдзіў улады Нью-Ёрку і Лонг-Айленду, што іх «адкрыцьцё» будзе пад пагрозай, калі масавыя зборы людзей ня спыняцца.
Куома сказаў, што дзяржава атрымала 25 000 скаргаў на парушэньні правілаў сацыяльнага дыстанцыяваньня ды іншых патрабаваньняў, што вынікаюць з надзвычайнай сытуацыі. Большасьць з іх стасуюцца Мангэтану і Гэмптансу — багатага пляжу на ўсходнім ускрайку Лонг-Айленду.
«Магчыма, мы прыпынім адкрыцьцё ў гэтых раёнах», — сказаў ён на брыфінгу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.